BE RU EN

«Пастка»: расіянін паскардзіўся на куплю кватэры ў Мінску

  • 1.05.2026, 11:16

Бізнесмену, які меў справы з Цімаці, у каментарах далі карысны парад.

«Ідэальны горад аказаўся пасткай», — напісаў у сваіх сацсетках расійскі бізнесмен Юрый Левітас пра Мінск і заявіў, што «Беларусь танная толькі на вітрыне».

Юрый Левітас — сузаснавальнік сеткі бургерных Black Star Burger, адкрытай разам са спеваком Цімаці (сапраўднае імя — Цімур Юнусаў), які нядаўна трапіў пад санкцыі ЕС. Калісьці гэтыя рэстараны працавалі і ў Беларусі.

У сваім Facebook Левітас апублікаваў допіс пад загалоўкам «Масквіч купіў кватэру ў Мінску — і праз 12 месяцаў вярнуўся назад (ідэальны горад аказаўся пасткай)». Пры гэтым у адкрытых крыніцах не знайшлося пацвярджэння, што ён насамрэч набываў жыллё ў беларускай сталіцы.

Бізнесмен адзначыў, што «Беларусь танная толькі на вітрыне», і пералічыў некалькі пастак.

«Першая пастка — кватэра за $80–120 тысяч здаецца спакойнай пакупкай. Аднак пры продажы раней тэрміну можна трапіць на падатак, плюс пачынаецца асобная гісторыя з валютным кантролем. Вывесці прыбытак назад — гэта ўжо не «перавёў і забыў», а банк, пацвярджанні, чаканне, камісіі і пытанні да паходжання грошай».

«Другой ілюзіяй» ён назваў танныя камунальныя тарыфы:

«Летам усё прыгожа: €30–40, амаль смешна. А зімой за нармальную кватэру рахунак ужо можа скакануць да €120–180. Парадокс у тым, што на паперы жыццё таннейшае, а за год эканомія ўжо не такая салодкая».

Яшчэ Левітас паскардзіўся, што інвестыцыя ў жыллё не дае вялікага прыбытку. Паводле яго слоў, кватэра за $100 тысяч здаецца за $350–450. «пасля падаткаў, прастояў і дробных выдаткаў рэальная даходнасць можа знізіцца да 3–3,5% гадавых», — падлічыў расіянін.

«Вось дзе праўда: гэта ўжо не інвестыцыя мары, а замарожаны капітал з вельмі сціплай аддачай».

Ён не абышоў увагай і праблему легалізацыі, канстатаваўшы, што «пераезд — гэта не толькі прыгожыя вуліцы і парадак, а яшчэ і правілы, якія не заўсёды працуюць на тваю карысць»:

«Жыць нібыта можна. А вось нармальна зарабляць, афармляцца, весці справы — ужо бюракратыя. Кантракты, падставы, тэрміны, узгадненні, рызыка адмовы».

Напрыканцы ён паскардзіўся, што «чыстасць і парадак ідуць разам з кантролем».

У каментарах выказалі меркаванне, што тэкст пісаў штучны інтэлект, назвалі публікацыю лухтой і параілі «сядзець у Маскве».

«Там у вас усё класна. Facebook, Telegram, інтэрнэт, карты працуюць. Падаткаў няма, кантролю таксама мінімум».

«Масквіч нам будзе распавядаць пра кантроль. О божа!»

«Не патрэбныя вы тут. Не прыязджайце. Тут вельмі-вельмі дрэнна, нават горш, чым напісана ў допісе».

«А вы думалі, тут ружамі пахне?»

«У Расіі лепш, едзьце туды. Там вам стварылі ідэальныя ўмовы».

Раней Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры паведамляла, што толькі ў сакавіку былі зарэгістраваныя 126 аб’ектаў нерухомасці, аформленых на грамадзян Расійскай Федэрацыі па дагаворах куплі-продажу. Гэта амаль кожная дзясятая здзелка ў сталіцы.

Апошнія навіны