Турагенцтвы паведамляюць пра адмену авіярэйсаў у Тайланд
- 1.05.2026, 19:12
Прамыя рэйсы з Мінска прыпыненыя.
Турагенты і тыя, хто планаваў правесці адпачынак у Тайландзе ў найбліжэйшы месяц, паведамляюць у сацсетках пра адмену прамых рэйсаў у Патаю і Пхукет з Мінска. Што магло адбыцца?
«З 12 мая адмянілі прамыя рэйсы ў Патаю з Мінска. Але гэта мы перажывём — зімой, спадзяёмся, гэты кірунак вернецца», — напісала учора ў Threads студыя падарожжаў Mallina Travel. Мы звязаліся з прадстаўнікамі турагенцтва і спыталі пра меркаваныя прычыны адмены рэйсаў. Там адзначылі, што рашэнне з боку айчыннай авіякампаніі было лагічным: маўляў, скончыўся сезон. «З Масквы прамыя рэйсы былі, і ў некаторых аператараў яны пакуль застаюцца», — дадалі ў кампаніі.
У допісе турагенцтва «Находка» мільгаюць іншыя даты: «Учора знялі рэйсы ў Патаю з Мінска (адлёты з 14.05), сёння — у Пхукет (адлёты з 17.05)». Мы звязаліся з прадстаўнікамі «Находкі» і таксама папрасілі выказаць здагадку, па якой прычыне папулярны кірунак маглі адмяніць. Вось што нам адказалі ў агенцтве:
— Завяршэнне высокага сезона ў Тайландзе і зніжэнне эканамічнай эфектыўнасці перавозак. Хутчэй за ўсё, галоўная прычына — рэзкі рост кошту авіяпаліва ў Азіі з-за падзей у Іране.
Таксама ў агенцтве ўдакладнілі: кампанія «Аэрабелсервіс» (адзін з вядучых беларускіх туруператараў і авіяброкераў) 24 красавіка таксама папярэдзіла пра адмену ўсіх рэйсаў у Дананг (В’етнам). Там спаслаліся на «непрадбачаныя эканамічныя абставіны».