Улады Расіі забаранілі ўвозіць у краіну Starlink
- 1.05.2026, 19:16
Рашэнне патлумачылі «нацыянальнай бяспекай».
Урад краіны-агрэсара Расіі забараніў увозіць у краіну замежныя прылады для перадачы і прыёму радыёхваляў ад касмічных аб’ектаў сувязі. Адпаведную пастанову 29 красавіка падпісаў старшыня ўрада Міхаіл Мішусцін, на яе звярнула ўвагу «Радыё Свабода».
Пад гэтае вызначэнне трапляюць у тым ліку тэрміналы Starlink.
У дакуменце гаворыцца, што мэтай забароны з’яўляецца «абарона нацыянальнай бяспекі» Расіі. Забарона будзе дзейнічаць шэсць месяцаў пасля ўступлення пастановы ў сілу.
У сакавіку 2026 года стала вядома, што расійская кампанія «Бюро 1440», якая стварае расійскі аналаг Starlink, вывела на арбіту першыя 16 спадарожнікаў серыйнай вытворчасці нізкаарбітальнай групоўкі сувязі «Рассвет». У РФ разлічваюць, што да канца 2030 года ў групоўцы будуць 292 спадарожнікі, усяго плануецца вывесці 383 апараты. Камерцыйны запуск сэрвісу запланаваны на 2027 год.