ЕС адрэагаваў на павышэнне мытаў Трампам
- 1.05.2026, 21:17
У Бруселі заявілі аб парушэнні дамоўленасцяў.
Старшыня Камітэта Еўрапарламента па міжнародным гандлі Бернд Ланге назваў непрымальным павышэнне прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам мытаў на аўтамабілі з ЕС.
Пра гэта ён напісаў у X.
Заканадаўца падкрэсліў, што Еўрапейскі саюз выконвае свае абавязацельствы ў межах гандлёвай дамовы з ЗША, у той час як Вашынгтон іх парушае.
«План Трампа па ўвядзенні 25-працэнтных мытаў на аўтамабілі з ЕС непрымальны. Еўрапейскі парламент і надалей прытрымліваецца дамоўленасцяў, заключаных у Шатландыі, і працуе над завяршэннем падрыхтоўкі адпаведнага заканадаўства. Пакуль ЕС выконвае свае абавязацельствы, амерыканскі бок працягвае іх парушаць», – падкрэсліў Ланге.
Старшыня Камітэта па міжнародным гандлі назваў крокі амерыканскай адміністрацыі «відавочна непрадказальнымі», а таксама заклікаў ЕС трымацца выразнай пазіцыі.
«Мы ўжо бачылі такія адвольныя крокі раней, нават у дачыненні да партнёраў. ЕС павінен цяпер захоўваць яснасць і цвёрдасць пазіцыі», – напісаў ён.
Як вядома, 1 мая Трамп абвясціў пра рашэнне павысіць мыты на аўтамабілі, што ўвозяцца з ЕС, да 25%, матывуючы гэта тым, што Еўрасаюз нібыта не выконваў умовы гандлёвай дамовы з ЗША.
Пазней ён патлумачыў, што гэты крок таксама накіраваны на тое, каб еўрапейскія краіны хутчэй будавалі свае аўтамабільныя заводы на тэрыторыі ЗША.