BE RU EN

РФ рыхтавала контрнаступленне на моры ў 2026 годзе, але адно здарэнне сарвала планы

  • 10.05.2026, 6:00

Падрабязнасці раскрыў дарадца міністра абароны Украіны.

Расія планавала на 2026 год буйную кампанію па выкарыстанні марскіх дронаў, аднак гэтыя планы сарваліся пасля таго, як на пачатку года кампанія SpaceX на просьбу Кіева заблакіравала расіянам спадарожнікавую сувязь Starlink. Пра гэта ў сваім Telegram піша эксперт па сістэмах сувязі, дарадца міністра абароны Украіны Сяргей (Флэш) Бескрэстнаў.

Па яго словах, Расія адразу пачала спробы скапіраваць украінскія марскія дроны, як толькі ўбачыла іх эфектыўнасць у руках Сіл абароны. Ужо да лета мінулага года ў расіян з'явіліся працоўныя ўзоры, і ў жніўні вораг нават здзейсніў паспяховую атаку на судна «Сімферопаль» у дэльце Дуная. Акрамя таго, паводле слоў Флэша, былі і іншыя атакі расійскіх марскіх дронаў на аб'екты ўздоўж украінскага ўзбярэжжа.

«2026 год павінен быў стаць годам масавага прымянення праціўнікам БЭК (беспілотны катэр — заўв.). Але ўсе планы сапсавала адключэнне «Старлінка» ў пачатку 2026 года», — піша дарадца міністра абароны.

Як сцвярджае Бескрэстнаў, агрэсару так і не ўдалося забяспечыць марскія дроны ўласнай расійскай сувяззю. Флэш пералічвае розныя сістэмы сувязі, якія спрабавалі выкарыстоўваць расіяне, аднак з-за тэхнічных абмежаванняў усе гэтыя варыянты або ўвогуле не працавалі, або былі занадта ненадзейнымі і нязручнымі.

У выніку высветлілася, што тэрміналы Starlink з'яўляюцца адзіным дзейсным каналам сувязі для марскіх дронаў паблізу ўкраінскага ўзбярэжжа. Але цяпер у расіян няма доступу да гэтай тэхналогіі.

«Вядома, нельга недаацэньваць нашага ворага. Яны вельмі хочуць ужываць БЭКі, якія, да таго ж, ужо пабудаваныя. Я прыблізна разумею, куды яны будуць рухацца далей. Паглядзім», — рэзюмуе Сяргей Бескрэстнаў.

Апошнія навіны