У Беларусі могуць падаражэць шыны
- 11.05.2026, 20:18
Праз хуткі рост паставак з Кітая.
Дэпартамент абароны ўнутранага рынку Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) паведаміў пра пачатак спецыяльнага ахоўнага расследавання ў дачыненні да аўтамабільных шын дыяметрам ад 13 да 21 цалі, што ўвозяцца на тэрыторыю так званага Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), піша abw.by.
Паводле матэрыялаў, размешчаных на сайце ЕЭК, ініцыятарамі антыдэмпінгавага расследавання выступілі беларускае ААТ «Белшына», расійскія Ikon Tyres, АТ «Кордянт», ТАА «Кордянт Ульяноўск», ПАТ «Ніжнекамскшына», казахстанскі Tengri Tyres, а таксама АТ ВА «Алтайскі шынны камбінат». Як паведамлялася, гэтыя кампаніі падалі афіцыйную скаргу ў Еўразійскую эканамічную камісію. Хуткі і агрэсіўны рост паставак з Кітая выціскае з рынку мясцовыя заводы і пазбаўляе іх працы.
Паведамляецца, што ў студзені – верасні 2025 года на фоне працяглага росту імпарту «адбылося пагаршэнне вытворчага і гандлёвага становішча» шынных кампаній з ЕАЭС: вытворчасць знізілася на 15%, продажы — на 23%, а частка рынку — на 16%».
З студзеня 2022-га па верасень 2025 года на кампаніі, якія накіравалі петыцыю, прыпадала больш за 25% вытворчасці шын для легкавых і лёгкагрузавых аўтамабіляў у рэгіёне, што дае ім права падаваць падобныя заявы.
Айчынныя вытворцы сцвярджаюць, што праблема ў нераўнапраўных умовах. Кітайскія заводы атрымліваюць сур'ёзную падтрымку ад сваёй дзяржавы, карыстаюцца выгадным валютным курсам і эканомяць дзякуючы велізарным аб'ёмам вытворчасці. Усё гэта дазваляе ім дэмпінгаваць — то бок прадаваць прадукцыю па цэнах, якія для прадпрыемстваў ЕАЭС знаходзяцца ніжэй за ўзровень рэнтабельнасці. Канкураваць у такіх умовах практычна немагчыма.
Аб'ектам расследавання з'яўляюцца пастаўляемыя самастойна або ў складзе колаў у зборы новыя пнеўматычныя шыны і пакрышкі з пасадачным дыяметрам ад 13 да 21 цалі, акрамя шын і пакрышак дыяметрам ад 17,5 да 21 цалі з індэксам нагрузкі больш за 115 (тавар пад кодамі 4011 10 000 3, 4011 10 000 9, 4011 20 100 0, 4011209000, 8708705009 і 8708709909 ТН ВЭД ЕАЭС).
Зараз у ЕАЭС ужо дзейнічаюць антыдэмпінгавыя мыты ў дачыненні да грузавых шын, што паходзяць з Кітая.
Бягучае расследаванне было пачата 29 красавіка, і на працягу 60 дзён будуць прымацца каментары ад зацікаўленых бакоў. На імпартныя шыны для легкавых аўтамабіляў могуць увесці 30% мыта. Магчыма, будуць устаноўлены квоты — гранична дапушчальны аб'ём увозу кітайскіх шын на тэрыторыю саюза.