BE RU EN

«Атрымліваецца нонсэнс»

  • 13.05.2026, 12:57

У Лукашэнкі сапраўдны кадравы голад.

12 мая Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Руслана Пархамовіча старшынём Гомельскага гарвыканкама. Да гэтага ён займаў пасаду памочніка Лукашэнкі — інспектара па Гомельскай вобласці. То бок, па сутнасці быў у кантрольных органах, піша «Флагшток».

З размовы Лукашэнкі з Пархамовічам, прыведзенай у дзяржаўных СМІ, вынікае, што той сам хацеў атрымаць пасаду старшыні гарвыканкама:

«Я больш схільны да практычнай дзейнасці. Паспрабаваў сябе ў розных іпастасях. Але праца „ў полі“, напэўна, для мяне больш зручная. Я дастаткова глыбока пагружаны ў сітуацыю ў другім па велічыні горадзе нашай краіны. Бачу, што ёсць перспектывы для горада. Трэба заняцца камунальнай гаспадаркай, будаўніцтвам. Трэба заняцца ў тым ліку і аховай здароўя ды адукацыяй. Ёсць апорныя пункты. Але рэзерваў у горада дастаткова».

Прыкметай таго, што перамешчаны год таму з Мінска ў Гомель чыноўнік намерваецца асесці ў абласным цэнтры, можа служыць той факт, што для ягонай жонкі яшчэ паўгода таму падабралі ў Гомелі непыльнае месца, пра што распавядалі журналісты, — пасаду галоўнага ідэолага аўтапарка.

Сам факт прызначэння кіраўніком выканкама чыноўніка з кантрольнага органа агаляе старую праблему з кадрамі: топ-чыноўнікаў бракуе. Атрымліваецца нонсэнс: раней Пархамовіч кантраляваў старшыню аблвыканкама Івана Крупко, а цяпер пераведзены да яго ў падпарадкаванне.

Негатыўным фактарам можна назваць і тое, што для Пархамовіча горад чужы — нарадзіўся ён у Магілёве, там і працаваў, а затым — у Мінску.

Што да Уладзіміра Прывалова, які кіраваў Гомелем з 2022 года, дык для яго адстаўка, падаецца, таксама была жаданай. Наколькі вядома «Флагштоку», ужо цягам года ў мясцовых органах улады мусіравалася інфармацыя пра тое, што Прывалаў меціць у Мінск, каб перайсці на новы ўзровень кар’ернай лесвіцы.

Паводле звестак, якія пераказваюць адзін аднаму ў выканкамах і адміністрацыях, у Прывалова ёсць знаёмы ў адным з міністэрстваў, які лабіяваў яго перавод у сталіцу.

Аднак афіцыйнай інфармацыі пра якую-небудзь новую пасаду Прывалова пакуль няма.

Апошнія навіны