На Гомельшчыну заляцелі як мінімум шэсць расійскіх дронаў
- 13.05.2026, 13:29
Першы такі выпадак адбыўся каля 08:40.
Падчас масіраванай паветранай атакі Расіі па гарадах Украіны раніцай 13 мая былі зафіксаваныя чарговыя выпадкі парушэння паветранай прасторы Беларусі, а менавіта Гомельшчыны, паведамляе «Флагшток».
Паводле даных украінскага маніторынгавага канала «Рында маніторыць», першы такі выпадак адбыўся каля 08:40: адзін БПЛА праз Любеч у Чарнігаўскай вобласці вылецеў у бок Брагіна.
А 09:23 гэты ж канал паведаміў, што дрон рухаецца праз Брагін у бок Хойнікаў (верагодна, той самы).
Затым, каля 10:00, адразу 5 БПЛА манеўравалі ў раёне Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Неўзабаве канал праінфармаваў, што 3 дроны накіроўваюцца курсам на Брагін, а 2 — курсам на Хойнікі.
Тое, што расійскія беспілотнікі фіксаваліся паблізу Брагіна і Хойнікаў, пацвярджалі і іншыя маніторынгавыя каналы.
Такім чынам, меркавана, раніцай 13 мая як мінімум 6 расійскіх БПЛА заляцелі на Гомельшчыну. Іх далейшы лёс пакуль невядомы.