Польскае грамадзянства атрымалі 6,5 тысячы беларусаў
- 13.05.2026, 15:54
Даныя за 2025 год.
У 2025 годзе польскае грамадзянства атрымалі каля 19 тысяч замежнікаў, з іх 6,5 тысячы склалі грамадзяне Беларусі. Такія даныя ў Сейме Польшчы прадставілі прадстаўнікі МУС Польшчы, паведамляе Portal Samorzadowy са спасылкай на PAP.
Статыстыка ўключае як замежнікаў, прызнаных польскімі грамадзянамі паводле рашэнняў ваяводаў, так і тых, каму грамадзянства было нададзена ўказам прэзідэнта.
Беларусы сталі другой па колькасці групай сярод новых грамадзян Польшчы. Лідзіруюць у гэтым спісе грамадзяне Украіны — летась польскія пашпарты атрымалі каля 10 тысяч украінцаў.
На трэцім месцы з вялікім адрывам апынуліся грамадзяне Расіі — польскае грамадзянства атрымалі 759 чалавек.
Як адзначаецца, часцей за ўсё з заявамі аб прызнанні грамадзянамі Польшчы звяртаюцца замежнікі польскага паходжання, якія раней мелі карту паляка.
З агульнай колькасці тых, хто атрымаў грамадзянства ў 2025 годзе, каля 5 тысяч склалі непаўналетнія, уключаныя ў заявы бацькоў.
На гэтым фоне ў Польшчы працягваецца палітычная кампанія, скіраваная на ўжорстчанне ўмоваў атрымання польскага грамадзянства.