Завод у Гомелі выпусціў печ-ракету
- 13.05.2026, 18:32
Яе хочуць прадаваць за 170 рублёў.
Пячку для пікнікоў у выглядзе ракеты выпусціў завод «Камунальнік». Сваю навінку прадпрыемства плануе паказаць на Гомельскім эканамічным форуме напрыканцы мая, піша belkagomel.by.
Вытворца разлічвае, што тавар будзе карыстацца попытам у дачнікаў і аматараў адпачынку на прыродзе. Пячка працуе на дровах або пелетах. Зверху на металічную трубу можна ўсталяваць казан і гатаваць ежу.
Падобныя пячкі ўжо выпускаюцца іншымі вытворцамі, асаблівасць варыянта ад гомельскага завода — памер.
«Узор, які мы рыхтуем для прэзентацыі на юбілейным ХХ эканамічным форуме, будзе вельмі маленькі, практычна „чамаданны“. Такую пячку можна без цяжкасцей браць з сабою ў паездкі», — удакладніў дырэктар завода «Камунальнік» Уладзіслаў Кавалёў.
Прыблізны кошт вырабу — 170 рублёў.