BE RU EN

Рутэ зрабіў прапанову краінам НАТА па дапамозе Украіне

  • 13.05.2026, 23:19

Politico раскрыла падрабязнасці.

Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ звярнуўся да краін — сябраў Альянсу з прапановай выдзяляць 0,25% ВУП для Украіны. Пра гэта 12 мая паведаміла Politico са спасылкай на крыніцы.

Суразмоўцы выдання расказалі, што Рутэ ўзняў гэтае пытанне на закрытай сустрэчы паслоў НАТА ў канцы мінулага месяца, каб знізіць напружанасць у Альянсе, якая ўзнікла з-за нераўнамерных узносаў на дапамогу Украіне. Такую ідэю — 0,25% ВУП для Украіны ад саюзнікаў — яшчэ летась выказваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, нагадала Politico.

Калі саюзнікі пагодзяцца з гэтай прапановай, гадавы аб'ём фінансавай падтрымкі Украіны можа павялічыцца ўтрая і дасягнуць прыблізна $143 млрд, зыходзячы з ацэнкі НАТА сукупнага ВУП краін-чальцоў. Для параўнання, летась Кіеву надалі прыблізна $45 млрд у сферы бяспекі, што ўключала закупку ўзбраення для арміі, інвестыцыі ў украінскія абаронныя прадпрыемствы і сумесныя праграмы Альянсу па набыцці амерыканскай зброі для Украіны, гаворыцца ў артыкуле.

Паводле даных даследчага праекта Кільскага інстытута Ukraine Support Tracker, які збірае і абагульняе інфармацыю пра ўсе ўрадавыя абавязацельствы па падтрымцы Украіны, краіны Балтыі, Нідэрланды і Польшча выдзяляюць Украіне большы працэнт свайго ВУП на ваенную дапамогу, чым многія іншыя саюзнікі. На думку аўтара публікацыі, прапанова генсека часткова была звязаная з гэтым.

Politico напісала, што Рутэ імкнецца забяспечыць стабільную падтрымку Украіны, адначасова змяншаючы супярэчнасці ўнутры НАТА, бо пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп фактычна спыніў новыя праграмы ваеннай дапамогі Украіне, асноўны цяжар падтрымкі Кіева лёг на еўрапейскіх саюзнікаў. Выступаючы ў Чарнагорыі, генсек падкрэсліў, што ліпеньскі саміт НАТА ў Анкары найперш засяродзіцца на Украіне і яе падтрымцы.

Прапанову Рутэ сустрэлі са скепсісам асобныя саюзнікі, у прыватнасці Францыя і Вялікабрытанія, паведамілі крыніцы. Без узгаднення ўсіх чальцоў НАТА яе наўрад ці рэалізуюць у цяперашнім фармаце, піша СМІ. Ні Францыя, ні Вялікабрытанія не адказалі на запыт рэдакцыі аб каментары.

Апошнія навіны