«Словы эксперта аказаліся прарочымі»
- Кірыл Іванаў, «Салідарнасць»
- 14.05.2026, 8:36
Іншых варыянтаў у дыктатара няма.
Мінула крыху больш за тыдзень пасля нарады Лукашэнкі з урадам, на якой абмяркоўвалася сітуацыя на прадпрыемствах цэментнай галіны і на Светлагорскім ЦКК.
«Шчыра кажучы, мяне насцярожвае плынь гэтых зваротаў па льготы і «каврыжкі». Асабліва пасля прызначэння новага прэм’ер-міністра. Не хацелася б, Аляксандр Генрыхавіч, думаць, што вы такім чынам адкрываеце нейкую новую палітыку: вось гэта дамо, гэта», — заявіў кіраўнік.
Лукашэнка раскрытыкаваў урад за паходы да яго з прапановамі спісаць даўгі прадпрыемствам, у якія па яго ж ініцыятыве былі ўкладзеныя мільярды з дзяржаўнага бюджэту.
У той жа дзень эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі у каментары «Філіну» патлумачыў:
Што гэта — «няправільны падыход», Лукашэнка кажа пастаянна, але грошы ўсё адно дае. А што яму яшчэ рабіць? Іншых варыянтаў няма. Калі не даваць грошы, гэтыя заводы закрыюцца. Гэтым прадпрыемствам увесь час патрэбныя грошы не таму, што яны дрэнна працуюць.
Паводле яго слоў, у выніку мадэрнізацыі цэментныя заводы апынуліся ў даўгах, на якія сыходзіць увесь іх прыбытак. Такая ж доля спасцігла і прадпрыемства ў Светлагорску.
«А даўгі з’явіліся таму, што Лукашэнка хацеў, каб Беларусь стала цэментнай і цэлюлознай звышдзяржавай. Усё гэта ад гігантаманіі», — падкрэсліў Махоўскі.
Як бачым, словы эксперта аказаліся прарочымі. 13 мая Аляксандр Турчын накіраваўся ў Светлагорск. Дзяржпрэса пры гэтым паспрабавала зрабіць добрую міну, пачаўшы раніцу з паведамлення, больш падобнага на рэкламны прэс-рэліз.
Але паведамленне прэс-службы ўрада аказалася больш прыземленым: «Чаму прэм’ер-міністр прыехаў на Светлагорскі ЦКК: выпрацаваць сістэмныя рашэнні па стабілізацыі дзейнасці прадпрыемства».
Як бы там ні было, Турчын відавочна здолеў пераадолець насцярожанасць Лукашэнкі наконт «няправільных падыходаў» урада і яго страхі з-за спроб «адкрываць нейкую новую палітыку».
Магчыма, уся справа ў рэцэпце, прапанаваным кіраўніком урада: «Праблема датычыць не толькі гэтага аднаго прадпрыемства і ўзнікае з зайздроснай рэгулярнасцю. Можа, трэба падумаць аб прыняцці сістэмнага рашэння па плацяжах у фонд нацыянальнага развіцця, каб мы не так часта хадзілі да кіраўніка дзяржавы».
Кірыл Іванаў, «Салідарнасць»