Генсек НАТА заклікаў краіны альянсу накіраваць 0,25% ВУП на падтрымку Украіны
Ідэю ўпершыню выказаў Зяленскі.
Генсек НАТА Марк Руттэ прапанаваў саюзнікам па альянсе штогод накіроўваць па 0,25% ад ВУП на дапамогу Украіне, паведамілі Politico добра інфармаваныя крыніцы. Паводле іх слоў, кіраўнік альянсу ўзняў гэта пытанне на закрытым пасяджэнні паслоў НАТА ў канцы мінулага месяца і гаварыў пра гэта ў межах падрыхтоўкі да маючага адбыцца саміту ў Турцыі ў ліпені. «Руттэ і многія з нас хочуць пераканацца, што падтрымка Украіны будзе паслядоўнай і прадказальнай», — сказаў адзін з суразмоўцаў Politico.
У разе адабрэння гэтай ідэі штогадовыя паступленні ва Украіну фактычна патрояцца і дасягнуць $143 млрд, падлічыла выданне на падставе ацэнкі сукупнага ВУП краін НАТА. Прапанова Руттэ стала адказам на незадаволенасць некаторых саюзнікаў тым, што яны робяць для дапамогі Кіеву значна больш у параўнанні з іншымі краінамі блоку, патлумачылі крыніцы Politico. У прыватнасці, паводле даных нямецкага аналітычнага цэнтра ў Кіле, скандынаўскія краіны ўносяць значна больш, чым ім належыць; дапамога буйных краін Заходняй Еўропы прыкладна адпавядае іх ВУП, а Паўднёвая Еўропа «застаецца невялікім донарам». Аднак, паводле крыніц выдання, прапанова Руттэ ўжо выклікала скептыцызм у прадстаўнікоў Францыі, Вялікабрытаніі і іншых членаў альянсу. Пры гэтым любое такое рашэнне павінна быць узгоднена ўсімі краінамі НАТА.
Ідэю выдзяляць Украіне па 0,25% ВУП упершыню выказаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі летам мінулага года. «Украіна з'яўляецца часткай еўрапейскай бяспекі, і мы хочам, каб 0,25% ВУП канкрэтнай краіны-партнёра выдзялялася на нашу абаронную прамысловасць і айчынную вытворчасць», — сказаў тады Зяленскі.
У 2025 годзе Кіеў атрымаў ад партнёраў ваеннай дапамогі на $45 млрд. У гэтую суму ўвайшлі закупкі зброі для ЗСУ і інвестыцыі ў украінскія абаронныя прадпрыемствы. Раней Руттэ адзначаў, што Еўропа і Канада штомесяц трацяць 1 млрд еўра на набыццё ў ЗША зброі для Украіны ў межах праграмы PURL. Гэты механізм быў запушчаны летам мінулага года пасля адмовы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа бязвыплатна аказваць дапамогу Кіеву. Згодна з праграмай украінскі бок штомесяц складае спіс неабходных узбраенняў, якія затым еўрапейцы набываюць у ЗША. У 2026 годзе еўрапейскія краіны збіраюцца паставіць Кіеву зброі на $15 млрд, казаў Руттэ.