BE RU EN

ISW: Амбіцыі Расіі супярэчаць рэчаіснасці на полі бою

  • 14.05.2026, 12:53

Аналітыкі ацанілі, ці могуць акупанты поўнасцю захапіць Данбас.

Крэмль працягвае ужорстчваць сваю рыторыку, выстаўляючы Украіне бескампрамісныя ультыматумы як папярэднюю ўмову для пачатку перамоваў. Нягледзячы на амбіцыйныя планы Масквы, ваенныя аналітыкі і даныя з фронту ўказваюць на сур'ёзны разрыў паміж жаданнямі дыктатара Уладзіміра Пуціна і рэальнымі магчымасцямі яго арміі.

Магутныя абарончыя рубяжы і актыўныя кантратакі ЗСУ руйнуюць планы Крэмля па захопе Украіны. Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны.

Тэрыторыі ў абмен на дыялог

Прэс-сакратар дыктатара РФ Дзмітрый Пяскоў 13 мая пацвердзіў, што Расія настойвае на поўным вывадзе ўкраінскіх войскаў з Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей. Гэтыя патрабаванні выстаўляюцца як «папярэдняя ўмова» для спынення агню.

Пры гэтым на Захадзе аналітыкі ўпэўненыя, што апетыты расійскага дыктатара не абмяжоўваюцца чатырма абласцямі. Крыніцы, блізкія да Крэмля, сцвярджаюць, што Пуцін па-ранейшаму разлічвае на ўсталяванне кантролю над усёй Левабярэжнай Украінай, а ў перспектыве — над Кіевам і Адэсай.

Разлік на захоп Данбаса ў 2026 годзе

Расійскае ваеннае кіраўніцтва, паводле звестак разведкі, пераканала Пуціна, што армія РФ здольная поўнасцю акупаваць Данецкую і Луганскую вобласці да восені 2026 года. Аднак бягучая дынаміка баявых дзеянняў ставіць гэтыя прагнозы пад сумнеў.

З пачатку 2026 года расійскія войскі захапілі ў Данецкай вобласці ўсяго каля 350 кв. км, што складае ў сярэднім 2,63 кв. км у дзень. Напрыклад, у Канстанцінаўцы акупанты не могуць дамагчыся значных поспехаў ужо больш за паўгода, нягледзячы на пранікненне ў горад яшчэ ў кастрычніку 2025 года.

Прагнозы сталі больш асцярожнымі

Аналітыкі ISW не гатовыя прагназаваць тэрміны магчымай акупацыі Данецкай вобласці, уключаючы стратэгічна важны «Крэпасны пояс». Аналітыкі вылучаюць некалькі фактараў, якія робяць расійскія мэты туманнымі.

Складаны ландшафт і магутныя абарончыя рубяжы ЗСУ ствараюць непераадольныя перашкоды для хуткага наступу. Актыўныя дзеянні ЗСУ на поўдні Украіны на пачатку 2026 года прымусілі расійскае камандаванне разрывацца паміж абаронай і наступам, распыляючы рэсурсы. Сістэмныя ўдары Украіны сярэдняй далёкасці падрываюць лагістыку і наступальны патэнцыял РФ.

Эксперты адзначаюць, што мысленне расійскага дыктатара ўсё больш разыходзіцца з фактычным становішчам спраў на фронце. Пакуль Пуцін аддае загады аб глыбокіх прарывах, украінская лінія абароны дэманструе ўстойлівасць, а лакальныя поспехі ЗСУ дасягаюць аператыўных і стратэгічных эфектаў.

Апошнія навіны