Расія скарачае выдаткі на распрацоўку лекаў
- 14.05.2026, 13:08
З-за «дзіркі» ў бюджэце.
Мінпрамторг РФ вырашыў абмежаваць фінансаванне распрацоўкі інавацыйных лекаў на фоне росту дэфіцыту бюджэту, піша «Коммерсантъ». Цяпер дзяржава гатовая аплачваць толькі стварэнне так званых прэпаратаў first in class («першыя ў класе»), якія не маюць аналагаў у свеце. Першапачаткова ўлады таксама абяцалі падтрымліваць катэгорыю best in class («найлепшыя ў класе») — версіі ўжо існуючых лекаў, што пераўзыходзяць аналагі па эфектыўнасці і бяспецы, піша The Moscow Times.
Пра новыя правілы абвясціла намесніца кіраўніка Мінпрамторга Кацярына Прыежжава на фармацэўтычным форуме ў Санкт-Пецярбургу. Паводле яе слоў, урад будзе кампенсаваць выдаткі толькі на трэцю фазу клінічных даследаванняў і толькі для «прарыўных» распрацовак. Максімальны памер падтрымкі складзе 2,5 млрд рублёў на адзін прэпарат. Рашэнне было прынята пасля нарады ў віцэ-прэм'ера Таццяны Голікавай. У абмеркаванні ўдзельнічалі расійскія распрацоўшчыкі прэпаратаў — «Генерыум», Biocad і «Р-Фарм».
Распрацоўка лекаў first in class лічыцца адной з самых дарагіх і рызыкоўных у фармаіндустрыі: вывад такога прэпарата на рынак займае мінімум сем гадоў і мільярды рублёў. Вытворцы адзначаюць, што дзяржпадтрымка пакрывае толькі частку выдаткаў. Паводле ацэнак кіраўніка «Фармасінтэзу» Вікрама Пуніі, стварэнне аднаго інавацыйнага прэпарата абыходзіцца больш як у 5 млрд рублёў. «Інавацыі патрабуюць вялікіх інвестыцый, асабліва на позніх стадыях клінічных даследаванняў», — пацвярджае дырэктар па эканоміцы аховы здароўя «Р-Фарм» Аляксандр Быкаў.
Скарачэнне дзяржпадтрымкі распрацоўкі лекаў адбываецца на фоне рэзкага росту дэфіцыту федэральнага бюджэту. Паводле даных Мінфіна, за першыя чатыры месяцы 2026 года «дзірка» ў казне дасягнула 5,877 трлн рублёў — гэта ўжо ў 1,6 раза больш за план на ўвесь год (3,786 трлн). Даходы бюджэту склалі 11,7 трлн рублёў, тады як выдаткі перавысілі 17,5 трлн.