Мікалай Статкевіч: Бела-чырвона-белы сцяг заняў трывалае месца ў масавай свядомасці беларусаў
- 14.05.2026, 19:33
Нацыянальная сімволіка вернецца пасля першых сапраўдных выбараў.
Лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч у сваім тэлеграм-канале напісаў, што «пасля вызвалення звярнуў увагу на вялікую колькасць афіцыйных сцягоў, якімі пазначаны літаральна кожны слуп і нават сцены многіх будынкаў».
«Разумею, што гэта працяглая рэфлексія на 2020 год, калі бела-чырвона-белыя сцягі таксама былі ўсюды. Здаецца, што ўлады не разумеюць розніцы паміж ініцыятывай грамадзян, рэалізаванай іх уласнымі намаганнямі і за свой кошт, і дзяржаўным мерапрыемствам, арганізаваным дзяржаўнымі службоўцамі за дзяржаўны кошт», — піша ён.
Палітык адзначае, што людзі бачаць розніцу і выдатна разумеюць прычыны гэтага «масавага абазначэння».
«У выніку яго арганізатары дасягнулі процілеглага ад жаданага выніку — афіцыйныя сцягі толькі нагадваюць пра тыя, што былі на іх месцы. З-за жорсткага пераследу яго носьбітаў сцяг колераў гістарычнага 900‑гадовага герба нашых зямель ці не ўпершыню заняў трывалае месца ў масавай свядомасці беларусаў. І нічым яго адтуль ужо не выкараніць. А празмерныя спробы навязаць іншае будуць толькі спрыяць гэтаму. У мяне няма аніякага сумневу, якой стане афіцыйная сімволіка Беларусі пасля першых жа сапраўдных выбараў», — заключае ён.