129-я брыгада ЗСУ цалкам вызваліла Атраднае
- 15.05.2026, 9:47
Населены пункт у Харкаўскай вобласці ачышчаны ад акупантаў.
Сілы абароны Украіны ў выніку контратакі выбілі расійскіх акупантаў з населенага пункта Атраднае ў Харкаўскай вобласці і вярнулі яго пад свой поўны кантроль.
Пра гэта ў Facebook паведаміла 129-я асобная цяжкая механізаваная брыгада ЗСУ.
Паводле даных 129-й асобнай цяжкай механізаванай брыгады, для зачысткі вёскі Атраднае ў Двурэчанскім раёне Харкаўскай вобласці ад расійскіх акупантаў прыцягнулі штурмавыя падраздзяленні, аператараў БПЛА і артылерыю.
У выніку зладжаных дзеянняў украінскія байцы поўнасцю ачысцілі гэты населены пункт ад ворага і ўстанавілі над ім кантроль. Таксама ўстанавілі кантроль над прылеглай мясцовасцю.
Усяго ад акупантаў вызвалілі 22 квадратныя кіламетры Харкаўскай вобласці. Страты праціўніка склалі 56 чалавек.
Вёска Атраднае адносіцца да Паўднёва-Слабажанскага напрамку фронту. Паводле інфармацыі Генштаба ЗСУ, учора, 14 мая, на гэтым участку фронту расійскія акупанты 14 разоў штурмавалі пазіцыі ЗСУ. Украінскія байцы ўсе атакі адбілі. Боі ішлі ў раёнах населеных пунктаў Ваўчанскія Хутары, Ліман, Старыца, а таксама ў кірунку Цярновага, Радзькоўкі і Ізбіцкага. На суседніх Паўночна-Слабажанскім і Курскім напрамках сітуацыя менш напружаная. Паводле даных Генштаба ЗСУ, 14 мая там расіяне тройчы атакавалі пазіцыі ЗСУ. Усе атакі ўкраінскія абаронцы адбілі.