Астраханскі завод «Газпрама» зноў спыніў працу пасля атакі дронаў
- 15.05.2026, 11:09
Прадпрыемства паспела папрацаваць усяго пару тыдняў.
Газаперапрацоўчы завод расійскага «Газпрама» ў Астраханскай вобласці на поўдні Расіі прыпыніў вытворчасць маторнага паліва пасля пажару. Як паведаміла Reuters, ён здарыўся яшчэ 13 мая ў выніку атакі ўкраінскага дрона.
У прыватнасці, спынілася камбінаваная ўстаноўка па перапрацоўцы стабільнага кандэнсату магутнасцю 3 млн тон у год, якая вырабляе бензін і дызельнае паліва.
Аднаўленне вытворчасці можа заняць ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў.
Паводле слоў аднаго з суразмоўцаў, астраханскі завод не працаваў з верасня мінулага года і аднавіў перапрацоўку кандэнсату і вытворчасць маторнага паліва толькі ў красавіку — за некалькі тыдняў да атакі.
Астраханскі ГПЗ — адзін з найбуйнейшых у свеце газахімічных комплексаў. Яго магутнасці — не менш як 10 млрд кубаметраў прыроднага газу і больш за 3 млн тон газавага кандэнсату.
У 2024 годзе завод перапрацаваў 1,8 млн тон стабільнага газавага кандэнсату, вырабіў 0,8 млн тон аўтабензіну, 0,6 млн тон дызельнага паліва і 0,3 млн тон мазуту.