BE RU EN

У Расіі за тры месяцы закрыліся больш за 200 тысяч малых кампаній

  • 15.05.2026, 14:20

Падаткі на вайну і падзенне попыту душаць прыватны бізнес.

Павышэнне падаткаў, пераход спажыўцоў у рэжым эканоміі і першы з 2023 года спад эканомікі — справакавалі вал закрыццяў малых і сярэдніх кампаній па ўсёй краіне.

За першы квартал 209 000 малых і сярэдніх бізнесаў (МСБ) былі ліквідаваныя — на 9% больш, чым за той жа перыяд годам раней, паведамляе Forbes са спасылкай на даныя «Контур.Фокус».

Сільней за ўсё пакутуюць рознічны гандаль, салоны прыгажосці і грамадскае харчаванне, пералічвае дырэктар практыкі ацэнкі бізнесу і актываў кансалтынгавай кампаніі Neo Таццяна Пушкова: бізнес не вытрымлівае высокіх працэнтных ставак ставак, падзення попыту і росту падатковай нагрузкі.

З пачатку бягучага года прадпрымальнікі з гадавой выручкай 20–60 млн рублёў вымушаныя плаціць ПДВ, які да таго ж павялічыўся да 22%. Некаторыя з іх страцілі магчымасць адлічваць фіксаваную суму па патэнтах і пераходзяць на сплату УСН (6% з абароту або 15% з прыбытку).

«Запасу трываласці ў многіх прыватных кампаній ужо няма, малы бізнес „трымаецца“ з апошніх сіл», — апісвае сітуацыю эканаміст Дзмітрый Палявы. Павышэнне падаткаў толькі пагаршае становішча прадпрымальнікаў, а некаторых «і ўвогуле будзе чакаць банкруцтва», лічыць ён.

У грамадскім харчаванні 94% кафэ, бараў і рэстаранаў працуюць на мяжы рэнтабельнасці або са стратамі, гаварылася ў сакавіцкім апытанні «Актыон Бухгалтэрыі». Па выніках студзеня–лютага колькасць закрыццяў такіх устаноў вырасла на 29% у гадавым выражэнні — да 7300 кропак. Напрыклад, сетка «Шакаладніца» ліквідавала каля 40 кропак.

У сярэднім праходнасць у рэстаранах сёлета ўпала на 10–15%, а часам паказчык дасягае 40%, кажа кансультант «Adizes Business Consulting» Аляксей Комкоў. Паводле яго слоў, уладальнікі ўстаноў скардзяцца на кадравы дэфіцыт, рост выдаткаў на персанал на 15–20%, высокія падаткі і зніжэнне попыту. «Госці перайшлі ў рэжым наведвання рэстаранаў толькі па нагодах, ежа па-за домам перастала быць штодзённай нормай», — тлумачыць Комкоў.

Сярод крамаў адзення па выніках года могуць закрыцца 40%, прагназуе эканамістка і кіруючая партнёрка «Голдман Эджэнсі» Вольга Папкова. Слядом за малымі кампаніямі скарачаюць бізнес буйныя сеткі: Zenden, O’Stin, Concept Group. Gloria Jeans запланавала закрыццё 150 кропак у гэтым годзе, Finn Flare прыняў рашэнне пакінуць крамы толькі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Modis падаў заяву аб банкруцтве, а Orby збіраецца гэта зрабіць.

Хваля закрыццяў МСБ працягнецца, згодныя Пушкова і Комкоў: інфляцыя застаецца высокай, пакупніцкая здольнасць расіян працягвае падаць. Урад тым часам скарачае падтрымку малога бізнесу: у першым квартале дапамогу атрымалі на 6% менш кампаній, чым годам раней, а сума грантаў, субсідый і інвестыцый у капітал скарацілася амаль удвая — з 9,6 млрд да 5,5 млрд рублёў. Выдаткі бюджэту на федэральны праект «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў 2025–30 гг.» былі ўрэзаныя на 21% — да 329,5 млрд рублёў.

Апошнія навіны