Паміж Беларуссю і Расіяй пачалася «бульбяная вайна»?
- 15.05.2026, 15:27
На мяжы адбыліся першыя канфлікты.
Расійскі бок не дазваляе беларусам увозіць у Расію якую заўгодна колькасць бульбы. З пачатку мая пра канфлікты на мяжы распавялі адразу некалькі крыніц, паведамілі магілёўскія праваабаронцы цэнтра «Вясна».
«Пра канфлікты на мяжы з пачатку мая распавялі адразу некалькі крыніц. Разварочваюць не толькі машыны, у якіх грамадзяне Беларусі везлі адзін–два мяшкі бульбы, але нават пасажыраў з невялікімі сеткамі на 3–5 кілаграмаў. Больш за тое, як высветлілася, гэтай праблеме ўжо амаль год, але пра гэта мала хто гаворыць, каб не псаваць адносіны паміж краінамі», — пішуць праваабаронцы.
Яны адзначаюць, што восенню мінулага года тлумачэнні па сітуацыі даваў першы намеснік начальніка Смаленскай мытні Павел Грышанкоў. Тады адзначалася, што «прадукты, якія меркавалася ўвозіць у РФ з Рэспублікі Беларусь (памідоры, яблыкі, бульба), уключаныя ў Пералік падкаранціннай прадукцыі (у тым ліку вырашчаныя на ўласнай дапаможнай гаспадарцы)».
Таму кожная партыя такой прадукцыі павінна суправаджацца фітасанітарным сертыфікатам, выдадзеным упаўнаважаным органам.
Пры гэтым памідоры і яблыкі можна ўвозіць у ручной паклажы вагой толькі да 5 кг. А вось бульба ў прынцыпе забароненая — для яе ў любой колькасці фітасанітарны сертыфікат абавязковы. Паспяховы правоз гэтага прадукту на тэрыторыю РФ лічыцца недапрацоўкай памежных і мытных службаў.