«Ведаем дэталі гэтай размовы»: Зяленскі зноў папярэдзіў Лукашэнку
- 16.05.2026, 11:17
Украіна адкажа, калі дыктатар вырашыць яшчэ больш падтрымаць Крэмль.
Украіна фіксуе новыя спробы ўцягнуць Беларусь у вайну. Лукашэнку, у прыватнасці, пераконваюць далучыцца да расійскіх ваенных аперацый. Пра гэта пасля нарады з кіраўнікамі ўкраінскіх сілавых ведамстваў паведаміў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.
Зяленскі сцвярджае, што падчас нядаўніх кантактаў расіяне спрабавалі пераканаць Лукашэнку «далучыцца да новых расійскіх агрэсіўных аперацый».
«У прыватнасці, Расія разглядае планы аперацый па накірунках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць Чарнігаўска-Кіеўскага накірунку ва Украіне, альбо супраць адной з краін НАТА — менавіта з тэрыторыі Беларусі. Украіна валодае дэталямі размовы паміж Расіяй і Беларуссю. Украіна, безумоўна, будзе абараняць сябе і сваіх людзей, калі Аляксандр Лукашэнка памыліцца і вырашыць падтрымаць яшчэ і гэты расійскі намер», — заявіў Зяленскі.
Ён дадаў, што даручыў Сілам абароны і бяспекі Украіны ўзмацніць гэты накірунак і прадставіць план рэагавання на магчымую агрэсію.
Заўважым, што 15 мая Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі тэлефонную размову. Бакі абмяркоўвалі супрацоўніцтва Беларусі і Расіі «ў эканоміцы і ў галіне абароны», а таксама «маючыя адбыцца сумесныя мерапрыемствы па гэтых накірунках», — паведаміла прэс-служба Лукашэнкі. У Крамлі пра размову нічога не паведамілі.