Хімікі стварылі малекулу, якая зменіць будучыню нашай планеты
- 16.05.2026, 11:33
Вучоныя параўноўваюць яе са сціснутай спружынай.
Даследчыкі з Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (MIT) першымі ў свеце змаглі стварыць унікальную малекулу з высокім утрыманнем кіслароду, стварэнне якой раней лічылася практычна немагчымым, паведамляе венгерскае выданне HVG.
Паводле ацэнак экспертаў, гэты поспех адкрывае шлях да экалагічна чыстай вытворчасці і дазволіць істотна ўдасканаліць тэхналогіі выманання вуглякіслага газу з атмасферы. Як адзначае партал Interesting Engineering, створанае злучэнне належыць да рэдкага сямейства перакісападобных малекул з утрыманнем бору, а самі вучоныя далі яму назву дыяксабаріран.
Галоўнае дзіва гэтага адкрыцця — прастата рэакцыі. Звычайна такія няўстойлівыя малекулы патрабуюць моцных маразоў або велізарнага ціску, інакш яны адразу распадаюцца. Аднак амерыканскія хімікі абышлі гэтае правіла: малекула ўтварылася сама і амаль імгненна пры звычайнай пакаёвай тэмпературы. Яна мае форму малюсенькага кольца і назапашвае велізарную колькасць хімічнай энергіі, таму вучоныя параўноўваюць яе са сціснутай спружынай. Падчас дэтальных выпрабаванняў дыяксабаріран прадэманстраваў два сцэнары паводзінаў: Фармацэўтыка: ён лёгка дзеліцца кіслародам з іншымі малекуламі. Гэта дазволіць хімікам вырабляць лекі і іншую прадукцыю з дапамогай значна больш простых і бяспечных рэакцый. Экалогія: малекула ўмее рэагаваць з вуглякіслым газам. Дзякуючы гэтаму можна будзе стварыць новыя сістэмы, якія будуць улоўліваць шкодныя выкіды з атмасферы і перапрацоўваць іх у карысныя рэчывы. На такую ачыстку будзе траціцца значна менш энергіі, чым цяпер.
Распрацоўшчыкі цьвяроза ацэньваюць маштабы адкрыцця і падкрэсліваюць, што само па сабе новае злучэнне не пераадолее кліматычны крызіс. У той жа час яно стане асновай для стварэння новых энергаэфектыўных сістэм.