BE RU EN

«Модныя полькі — гэта тыя, хто ўмее класна апранацца ў секанд-хэндзе»

  • 16.05.2026, 11:50

Беларуская айцішніца стала стылісткай у Варшаве.

Дар’я Бусел паводле прафесіі сістэмная інжынерка, але ў яе ёсць і іншая праца: яна дапамагае кліентам падбіраць гардэроб. Часта да яе звяртаюцца людзі з ІТ-сферы: у іх ёсць грошы, але не заўсёды хапае часу самастойна выбіраць адзенне. Пра хобі, якое пачало прыносіць даход, улюбёныя брэнды і людзей «як у матрыцы» беларуска распавяла MOST.

Пасля 2020 года Дар’я разам з партнёрам пераехала ва Украіну, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны — у Варшаву.

Стылем Дар’я цікавілася даўно. Яна часта раіла сяброўкам, як лепш апранацца, і нават пайшла на курсы па стылі. У пэўны момант адна з сябровак спытала, ці не думала яна ператварыць гэта ў працу і дапамагаць іншым.

— Спачатку я адмахнулася ад гэтай ідэі, але потым пайшла на адныя курсы, затым на другія, трэція. Так усё і закруцілася. Я зразумела, што мне сапраўды падабаецца дзяліцца тым, што знаходжу для сябе і што можа быць карысным іншым, — кажа яна.

Цяпер Дар’я працягвае працаваць сістэмнай інжынеркай, але паралельна кансультуе кліентаў і рыхтуе сваю першую лекцыю-практыкум пра стыль.

«Людзям складана з шопінгам»

Да Дар’і часта прыходзяць людзі, якія пасля пераезду або іншых жыццёвых змен не разумеюць, як нанова сабраць свой гардэроб.

— Найчасцей людзям складана менавіта з шопінгам, — кажа яна. — Прыходзяць з запытам: «Я пераехаў, у мяне ўсё змянілася, хачу выглядаць па-новаму, але не ведаю, за што зачапіцца».

Сярод кліентаў стылісткі пераважна беларусы і ўкраінцы. Дар’я звязвае гэта з тым, што раней вяла блог на беларускай і англійскай мовах, а таксама доўгі час жыла ва Украіне.

Паводле яе назіранняў, да стыліста часта звяртаюцца людзі з ІТ-сферы: у іх ёсць грошы, але не заўсёды ёсць час самастойна разбірацца з гардэробам.

— Мае кліенты шмат працуюць, часта падарожнічаюць, таму хочуць, каб адзенне было функцыянальным і лёгка спалучалася паміж сабой, — тлумачыць яна.

Каля 400 еўра — за поўную працу з гардэробам

Дар’я кажа, што ў асноўным працуе анлайн. На яе думку, такі фармат зручнейшы і для кліента, і для самай стылісткі.

— Нікому не трэба нікуды ездзіць, мы можам усё абмеркаваць у любы момант, — тлумачыць яна.

Яшчэ адна прычына — асартымент польскіх крамаў. У Варшаве не заўсёды лёгка знайсці рэчы, якія дакладна адпавядаюць запыту чалавека, таму Дар’я часта прапануе анлайн-шопінг і загадзя падбірае варыянты.

Па жаданні кліента яна можа працаваць і ў гібрыдным фармаце: напрыклад, сустрэцца асабіста, разам схадзіць па крамах і разабраць, як рэчы сядзяць на чалавеку.

Па словах стылісткі, поўная праца з гардэробам — з падборам адзення і стварэннем вобразаў — каштуе каля 400 еўра. Гэта сярэдні кошт па рынку для такога фармату.

«Мне падабаецца падтрымліваць украінскую эканоміку»

Для сябе Дар’я часта выбірае ўкраінскія маркі. Сярод іх, напрыклад, COOSH, Gunia Project і Kachorovska.

— Мне падабаецца падтрымліваць украінскую эканоміку. І па якасці ўкраінскія брэнды часта мацнейшыя, — кажа яна.

Сярод польскіх брэндаў стылістка вылучае Chylak, Acephala і Le Petit Trou. Паводле яе слоў, ёй падабаецца іх стрыманая эстэтыка, якасць і ўвага да дэталяў.

З беларускіх брэндаў яна адзначае LSD Clothing, Plum Plum і Masha Maroz Studio. LSD Clothing Дар’я называе сваім «топ-1 беларускім брэндам». За апошнія гады марка вырасла ад вытворчасці скураных вырабаў да паўнавартасных калекцый з верхнім адзеннем, касцюмамі і дэнімам.

«Модныя полькі — гэта тыя, хто ўмее апранацца ў секанд-хэндзе»

Стылістка адзначае адрозненні ў стылі беларусак, украінак і польскіх жанчын, хоць многае залежыць і ад асобы, і ад асяроддзя. Паводле яе назіранняў, украінкі часта выглядаюць больш стыльна, бо ва Украіне вельмі развіты фэшн-рынак і вялікі выбар лакальных брэндаў.

А вось у Польшчы стылістку найбольш уражвае стаўленне людзей да вінтажу і секанд-хэнду.

— Модныя полькі — гэта тыя, хто ўмее класна апранацца ў секанд-хэндзе, — кажа яна. — Тут многія сапраўды ўмеюць знаходзіць цікавыя рэчы і стылізаваць іх пад сябе.

«Бывае, што мы проста не супадаем. І гэта нармальна»

Праца стыліста часта аказваецца значна больш звязанай з псіхалогіяй, чым можа падацца спачатку. Дар’я кажа, што часам ужо ў працэсе становіцца зразумела: праблема чалавека не толькі ў гардэробе. Таму перад пачаткам супрацоўніцтва яна праводзіць бясплатную кансультацыю, каб зразумець, ці падыходзяць яны адно аднаму.

— Бывае, што мы проста не супадаем. І гэта нармальна, — тлумачыць яна.

Калі супрацоўніцтва ўжо пачалося, а знайсці агульную мову не атрымліваецца, стылістка можа вярнуць частку грошай і спыніць працу. Такія сітуацыі здараюцца рэдка, але для яе важна, каб кліент адчуваў сябе камфортна.

Адным з самых незвычайных кейсаў Дар’я называе працу з кліенткай, для якой гардэроб амаль цалкам збіралі з вінтажных рэчаў і секанд-хэнду.

— Такія рэчы патрабуюць значна больш часу на пошук, але ў выніку атрымліваецца сапраўды ўнікальны гардэроб, — кажа яна.

«Калі ўсе купляюць адну і тую ж рэч, узнікае адчуванне, што ты ў матрыцы»

Да трэндаў TikTok і Pinterest стылістка ставіцца спакойна, але лічыць, што іх важна адаптаваць пад сябе і свой лад жыцця.

— Мне не падабаецца, калі людзі проста капіруюць тое, што бачаць у сацсетках. Калі ўсе купляюць адну і тую ж рэч, узнікае адчуванне, што ты ў матрыцы, — смяецца яна.

Паводле меркавання Дар’і, трэнды могуць быць карысныя для натхнення і развіцця візуальнага густу, калі чалавек не проста капіруе чужыя вобразы, а разумее, што сапраўды падыходзіць менавіта яму.

У будучыні Дар’я хоча зрабіць свае паслугі больш даступнымі і персаналізаванымі. Напрыклад, ператварыць сваю лекцыю-практыкум у свайго кшталту алгарытм, які дапаможа людзям самастойна выбудоўваць уласны стыль.

Апошнія навіны