Atlantic Council: Новы прэм’ер Балгарыі адкідвае курс на Маскву
- 16.05.2026, 12:34
Сафія захавае выразны еўраатлантычны вектар.
У Балгарыі завяршыўся адзін з самых зацяжных палітычных крызісаў у Еўропе. Пасля васьмі парламенцкіх выбараў за пяць гадоў новым прэм’ер-міністрам краіны стаў былы прэзідэнт Румен Радзеў. Яго партыя «Прагрэсіўная Балгарыя» ўпершыню з 1997 года атрымала ўстойлівую большасць у парламенце, піша Atlantic Council.
На фоне паразы былога прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана у еўрапейскіх СМІ з’явіліся асцярогі, што менавіта Балгарыя можа стаць новым «прарасійскім голасам» унутры Еўрасаюза. Прычынай сталі ранейшыя заявы Радзева пра неабходнасць больш асцярожнага падыходу да Расіі, яго крытыка часткі антырасійскіх санкцый і нязгода з пастаўкамі зброі Украіне.
Аднак эксперты лічаць такія параўнанні перабольшанымі. Палітычны ўзлёт Радзева найперш звязаны з унутраным крызісам Балгарыі — стомай грамадства ад карупцыі, развалу кааліцый і пастаяннай зменай урадаў.
Пасля масавых антыкарупцыйных пратэстаў 2020–2021 гадоў традыцыйныя партыі страцілі давер выбаршчыкаў, а краіна пагрузілася ў хранічную нестабільнасць. На гэтым фоне Радзеў здолеў умацаваць пазіцыі як фігура, што асацыюецца з парадкам і прагматызмам. Нягледзячы на сувязі з сацыялістамі, ён доўгі час фарміраваў вобраз умеранага палітыка і прыхільніка стабільнасці. Да таго ж у мінулым Радзеў праходзіў навучанне ў ЗША і ўдзельнічаў у інтэграцыі Балгарыі ў структуры НАТА.
Новая ўлада ўжо спрабуе зняць трывогу сярод саюзнікаў па ЕС і НАТА. Кіраўніца МЗС Веліслава Пятрова-Чамова падкрэсліла, што Сафія захавае «выразны еўраатлантычны курс». Спікер парламента Петар Вітаноў таксама адкінуў размовы пра магчымы паварот да Крамля.
Чакаецца, што Балгарыя зойме больш асцярожную пазіцыю адносна вайны ва Украіне, робячы акцэнт на мірных перамовах, а не на ваеннай падтрымцы Кіева. Аднак аналітыкі ўпэўненыя — краіна не збіраецца адмаўляцца ад заходняга курсу і вяртацца да цеснага саюзу з Масквой.