BE RU EN

Кулеба: Рэжым Лукашэнкі разваліцца, калі ўступіць у вайну

  • 16.05.2026, 15:54

І дыктатар гэта разумее.

Патэнцыял беларускай арміі не ідзе ні ў якое параўнанне з магчымасцямі Узброеных сіл Украіны. Аднак гэта не азначае, што агрэсіўныя заявы Лукашэнкі не заслугоўваюць увагі. Пра гэта заявіў былы міністр замежных спраў Украіны Дзмітро Кулеба у эфіры свайго YouTube-канала, каментуючы словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра тое, што Расія спрабуе глыбей уцягнуць Беларусь у вайну.

Паводле слоў Кулебы, на сёння застаюцца адкрытымі толькі два пытанні адносна магчымога наступу з боку Беларусі: накірунак удару і тэрміны.

Калі ж вайна прыйдзе на беларускую тэрыторыю, лічыць дыпламат, «увесь рэжым Лукашэнкі можа вельмі хутка разваліцца». На яго думку, сам Лукашэнка гэта разумее, аднак не здольны змяніць сітуацыю.

«Лукашэнка ў кляшчах расійскай агентуры, ён акружаны ФСБ, яго Міністэрствам абароны кіруе Міністэрства абароны РФ. Там імітацыя суверэнітэту. Ён проста супраціўляецца з апошніх сіл і, думаю, Путіну наўпрост кажа: „Ты ж не хочаш, каб я разваліўся“», — сказаў Кулеба.

Параўноўваючы ўкраінскую і беларускую арміі, экс-міністр падкрэсліў, што іх патэнцыял несупастаўны.

«Як бы Лукашэнка ні дэманстраваў сілу сваёй арміі, да любога суперніка трэба ставіцца з павагай. Але патэнцыял гэтай арміі нельга параўнаць з патэнцыялам украінскіх Узброеных сіл. Магчымасці яго СПА — што б там ні прысылалі расіяне для абароны — таксама абмежаваныя. Столькі ўсяго паляціць і столькі будзе разбурана ў Беларусі, што, як кажуць, „мама не гаруй“», — адзначыў ён.

На думку Кулебы, калі Беларусь апынецца наўпрост уцягнутай у вайну, гэта можа сур'ёзна дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры краіны.

Апошнія навіны