BE RU EN

Фіяска Лукашэнкі

  • 16.05.2026, 16:55

Наколькі скарацілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы і птушкі ў гаспадарках Беларусі.

Белстат апублікаваў даныя аб вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў студзені—красавіку 2026-га. Дзякуючы гэтым лічбам можна даведацца пра маштабы скарачэння пагалоўя жывёлы і птушкі з пачатку гэтага года.

Так, па стане на 1 мая 2026-га ў сельскагаспадарчых арганізацыях налічвалася 3,9 млн галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку кароў — 1,3 млн галоў. Колькасць свіней складала 2 млн галоў, птушкі — 52 млн галоў.

А цяпер параўнаем свежую статыстыку з данымі на 1 студзеня гэтага года: у гаспадарках усіх катэгорый налічвалася 4 млн галоў буйной рагатай жывёлы, 2,2 млн галоў свіней, 54,5 млн галоў птушкі.

У гэтай справаздачы Белстата не пазначаная колькасць кароў. Яе можна знайсці ў даных за студзень—сакавік — 1,4 млн галоў.

Такім чынам, з пачатку года скарачэнне агульнай колькасці кароў склала 100 тысяч галоў. Калі верыць статыстыцы, гэта скарачэнне адбылося на працягу красавіка, піша «Салідарнасць».

Пагалоўе свіней скарацілася на 200 тысяч галоў, птушкі — на рэкордныя 2,5 млн галоў.

Калі падсумаваць, то лічбы не могуць не ўразіць, бо гаворка ідзе пра некалькі мільёнаў галоў птушкі і жывёлы.

Пры гэтым навіны пра тое, што падзеж жывёлы адбыўся нават у пацёмкінскім калгасе на малой радзіме Лукашэнкі, аблашчаным увагай уладаў і дзяржаўнага бюджэту, робяць гэтыя лічбы заканамернымі.

Апошнія навіны