Фотафакт: ЗСУ ўзмацняюць мяжу з Беларуссю
- 16.05.2026, 20:08
Кіеў рыхтуецца да правакацый з боку рэжыму Лукашэнкі.
Украінскія вайскоўцы ўзмацняюць абарону паўночнай мяжы. На Палессі пабудаваныя фартыфікацыйныя збудаванні, мінныя загароды і ўмацаванні, а памежнікі знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасці да магчымых правакацый з боку рэжыму Лукашэнкі, паведамляе Аператыўнае камандаванне «Захад».
«Украінскае Палессе сёння — гэта не толькі запаведны край, але і непрыступная крэпасць. Нягледзячы на падманлівую цішыню з боку Беларусі, Сілы абароны Украіны не губляюць пільнасці, бо суседняя дзяржава застаецца сатэлітам Крамля і патэнцыйным плацдармам для ворага», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле звестак АК «Захад», украінскую мяжу ператварылі ў умацаваную абарончую лінію: узведзеныя кіламетры палявых фартыфікацый, сотні капаніраў для тэхнікі і агнявых пунктаў. Сістэма мінных палёў, равоў і загарод дапоўніваецца прыроднымі перашкодамі — непраходнымі лясамі, балотамі і рэкамі.