BE RU EN

Адна і тая ж паслуга для дзіцячай бальніцы ў Мінску нечакана стала ўдвая даражэй

  • 17.05.2026, 12:40

Аналітыкі выявілі дзіўную «схему» ў бюджэтных выдатках.

Сталічная кампанія «Экалогія горада плюс» аказвае паслугі дзяржструктурам і выйграе закупкі з прывабнымі коштамі. Але канчатковыя сумы дагавораў істотна ўзрастаюць і значна перавышаюць тое, што першапачаткова заяўлялася на тэндэрах. Толькі па двух такіх эпізодах магчымая пераплата магла складаць каля 20 тысяч рублёў. Пра гэта пішуць аўтары праекта «Адкрытыя закупкі».

Аўтары аналізу лічаць, што «Экалогія горада плюс» магла выкарыстоўваць схему, калі кампанія заходзіла ў дзяржаўныя закупкі з нізкай цаной, а потым атрымлівала дагаворы або дадатковыя пагадненні ўжо на значна большыя сумы. Толькі па двух названых даследчыкамі эпізодах патэнцыйнае падаражанне склала каля 20 тысяч рублёў.

Першы выпадак звязаны з закупкай Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы на вываз і размяшчэнне бытавых адходаў. У студзені 2026 года «Экалогія горада плюс» прапанавала выканаць паслугі за 18 472,61 рублёў. Пасля таго як працэдуру прызналі такой, што не адбылася, бальніца абвясціла закупку ў аднаго пастаўшчыка на той самы прадмет і той самы перыяд. Адзіным удзельнікам зноў стала «Экалогія горада плюс», але цана ўжо вырасла да 34 333,20 рублёў. Розніца — 15 860,59 рублёў, або больш за 85%. Грошы на аплату паслуг узялі з бюджэту.

«То бок кампанія прыйшла на канкурэнтную працэдуру з адной цаной. Пасля правалу працэдуры прыйшла на закупку ў аднаго пастаўшчыка з цаной амаль удвая большай. Замоўца атрымаў таго ж пастаўшчыка, той жа прадмет закупкі, той самы перыяд аказання паслуг — але ўжо за іншыя грошы», — тлумачаць аўтары.

Другі эпізод тычыцца дагавора з Мінскім абласным клінічным шпіталем інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М. Машэрава. У 2025 годзе кампанія выйграла закупку з цаной 16 330,20 рублёў, аднак пазней па дадатковым пагадненні тэрмін дагавора падоўжылі, а суму павялічылі да 20 476,20 рублёў. Рост склаў 4146 рублёў, або каля 25%.

Фармальна закупка ў аднаго пастаўшчыка пасля працэдуры, што не адбылася, магчымая. Аднак у першым выпадку, як сцвярджаецца ў матэрыялах, замоўца, прадмет закупкі, тэрміны і тэхнічнае заданне засталіся ранейшымі, а змянілася толькі цана. У другім выпадку пытанні выклікалі павелічэнне сумы дагавора і падаўжэнне аказання паслуг без новай канкурэнтнай працэдуры.

«Экалогія горада плюс» уваходзіць у групу «Экалогія горада». Штат — звыш 600 супрацоўнікаў, а сярод партнёраў указаны Belavia, «Газпрам», «Карона», МАПІД, МТЗ, Нацыянальны аэрапорт Мінск.

Апошнія навіны