Латвія і Літва разглядаюць магчымасць поўнай забароны аўтобусных зносін з Беларуссю
- 17.05.2026, 18:23
Падрабязнасці.
На фоне ўзрастаючай занепакоенасці бяспекай грамадзян у Літве ўсё часцей гучаць прапановы абмежаваць або нават цалкам забараніць аўтобусныя зносіны з Беларуссю. У Латвіі ўжо абмяркоўваецца праект поўнай забароны аўтобусных паездак у Беларусь і Расію. Пра гэта піша delfi.lt.
Латвійскія ўлады тлумачаць ініцыятыву неабходнасцю абараніць грамадзян ад магчымых пагроз з боку аўтарытарных рэжымаў.
Прадстаўнік літоўскага Сейма Лаўрынас Кашчунас лічыць, што краіны Балтыі павінны дзейнічаць узгоднена.
«Калі Латвія ўзмоцніць абмежаванні, а Літва — не, мы можам стаць слабым звяном», — папярэдзіў палітык.
Намесніца старшыні Сейма Літвы Вікторыя Чмілітэ-Нільсэн заявіла, што Беларусь выкарыстоўвае людзей як палітычных закладнікаў. Яна нагадала, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі неаднаразова затрымліваў замежных грамадзян, а затым выкарыстоўваў іх у палітычных перамовах і прапагандысцкіх кампаніях.
У той жа час міністр транспарту Літвы Эўгеніюс Сабуціс пакуль не бачыць неабходнасці ў поўнай забароне. Паводле яго слоў, колькасць маршрутаў паміж Літвой і Беларуссю скарочана амаль напалову, і гэтага, на думку міністэрства, дастаткова для кантролю сітуацыі.
Цяпер з Вільні ў Мінск штодня адпраўляецца не менш як 12 аўтобусаў, нагадвае выданне.