Працоўных мігрантаў з Непала прымусілі спяваць перад Караевым
- 17.05.2026, 19:15
«Канцэрт» праходзіў у кароўніку.
У Instagram Гродзенскага аблвыканкама з'явілася відэа візіту кіраўніка вобласці Юрыя Караева на ферму ў Слонімскім раёне. На ім трое работнікаў-непальцаў з лапатамі ў руках і ў акружэнні кароў выконваюць для губернатара песню на сваёй роднай мове, перадае «Зеркало».
Караеў стаіць насупраць іх, слухае і ўсміхаецца, а напрыканцы следам за перакладчыкам дзякуе ім па-англійску.
«Вось так сустракаюць «губернатара» на МТК «Забулье» Слонімскага раёна», — падпісана відэа.
Каментатары, у асноўным, абмяркоўвалі нацыянальнасць выступоўцаў і іранізавалі над сітуацыяй.
«А дзе беларусы?» — пацікавіўся адзін з іх. І атрымаў адказ, што, відаць, іх дэпартавалі.