Заўтра па Беларусі могуць прайсці тарнада
- 17.05.2026, 21:37
Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.
У панядзелак па Беларусі могуць прайсці тарнада. Для поўначы краіны ESTOFEX (ініцыятыва еўрапейскіх метэаролагаў па прагназаванні штармоў) абвясціла 2‑гі ўзровень небяспекі ў сувязі з буйным градам, моцнымі і шквалістымі парывамі ветру, а таксама магчымасцю ўтварэння некалькіх тарнада (смерчаў), паведамляе «Метеовайб».
На большай частцы краіны заўтра прагназуюцца дажджы з навальніцамі. Месцамі пройдуць моцныя ліўні, у асобных раёнах град і шквалы да 15—20 м/с. На паўночным захадзе можа выпасці больш за 50% месячнай нормы ападкаў.
Паводле дадзеных швейцарскай мадэлі S4x4, зона небяспечных умоў надвор'я перамясцілася на поўнач, але іх магчымая інтэнсіўнасць не аслабла.
Найвышэйшая верагоднасць моцных навальніц чакаецца на захадзе Віцебскай вобласці. Таму могуць узнікнуць магутныя суперачэйкі (від навальніцы з пастаянна закручаным уздымным патокам паветра) з буйным градам больш за 2 см, шкваламі 20 м/с і верагоднасцю лакальных тарнада.