У мінскім лясапарку «Мядзвежына» хочуць пабудаваць біятлонны комплекс
- 2.05.2026, 9:32
Сталі вядомы падрабязнасці.
Спартыўны комплекс па біятлоне і лыжных гонках плануюць стварыць у мінскім лясапарку «Мядзвежына». Пра гэта дзяржаўнаму агенцтву «Мінск-Навіны» распавёў старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Віктар Гуцько.
Паводле слоў чыноўніка, цяпер працуюць над тым, каб акрамя трасы ў «Мядзвежыне» з’явіліся стадыён, стральбішча, памяшканні для пераапранання. Плануецца абуладкаванне спартыўнага комплексу па біятлоне і лыжных гонках.
«Паспрабуем стварыць неабходныя ўмовы для камфортных трэніровак жыхароў горада. Зараз праектная дакументацыя распрацоўваецца, заказчык вызначаны. Фінансаванне на распрацоўку праектнай дакументацыі і рэалізацыю гэтага праекта ўжо прадугледжана ў бюджэце, таму ў гэтым годзе прыступім да рэалізацыі», — паведаміў Гуцько.
Акрамя таго, у раёне «Мінск-Арэны», на вуліцы Нарачанскай — насупраць манежа, павінен з’явіцца фізкультурна-аздараўленчы цэнтр для экстрэмальных відаў спорту.