Германія пераабсталюе найбуйнейшы аўтамабільны порт Еўропы пад ваенныя патрэбы
- 2.05.2026, 9:59
У праект інвестуюць 1,35 млрд еўра.
У Германіі ўкладаюць мільярды ў партоўную інфраструктуру, каб перавозіць вайсковую тэхніку. Гэта частка падрыхтоўкі да магчымога канфлікту ў Еўропе.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Ідзе пра мадэрнізацыю найбуйнейшага аўтамабільнага порта Еўропы ў Брэмэргафене на ўзбярэжжы Паўночнага мора. У праект інвестуюць 1,35 млрд еўра, і гэтыя сродкі накіраваныя не на пашырэнне грамадзянскага экспарту, а на ўзмацненне інфраструктуры для перавозкі цяжкай вайсковай тэхнікі.
У прыватнасці, порт рыхтуюць да транспартавання 60-тонных танкаў Leopard і іншага ўзбраення, якое можна хутка перакінуць у патэнцыйныя зоны баявых дзеянняў.
Гэты праект прадугледжаны ў бюджэце Германіі на 2026 год і з'яўляецца часткай больш шырокай стратэгіі па ўзмацненні абароннай гатоўнасці. Цэнтральнае размяшчэнне краіны і яе развітая прамысловасць дазваляюць разглядаць яе як ключавы лагістычны вузел для паставак тэхнікі саюзнікам у выпадку пагрозы.
У той жа час Бундэсвер не здольны самастойна забяспечыць неабходныя аб'ёмы перавозак, таму ўрад актыўна прыцягвае прыватны сектар. Да супрацоўніцтва плануюць прыцягнуць лагістычныя кампаніі, у прыватнасці BLG Logistics, якая працуе ў Брэмэргафене.
«Рашэнне інвеставаць у порт стала для нас паваротным момантам, — заявіў генеральны дырэктар кампаніі Матыяс Магнор. — Цяпер мы вядзём вельмі канструктыўныя перамовы і спадзяёмся, што ўжо ў гэтым годзе зможам здзейсніць першыя значныя інвестыцыі».
Нягледзячы на гатоўнасць бізнесу ўдзельнічаць, краіна сутыкаецца з шэрагам праблем. Значная частка транспартнай інфраструктуры застаецца зношанай: каля 5 тысяч мастоў патрабуюць рамонту, а аўтадарогі і чыгуначная сетка не цалкам гатовыя да аператыўнага перамяшчэння вялікай колькасці тэхнікі.
Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе Германія істотна змяніла падыход да абароны. Дадатковым фактарам сталі заявы ЗША пра скарачэнне вайсковай прысутнасці ў Еўропе.
У выніку краіна паступова сцірае мяжу паміж грамадзянскай і вайсковай лагістыкай, прыцягваючы бізнес да забеспячэння абаронных патрэбаў.