BE RU EN

Спецпасланцы Трампа вырашылі не ехаць у Кіеў

  • 2.05.2026, 10:18

З-за тупіку ў мірных перамовах з Расіяй.

Спецыяльныя пасланцы прэзідэнта ЗША Дональда ТрампаСтыў Уіткоф і Джарэд Кушнер — адмовіліся ад паездкі ў Кіеў, якая планавалася на красавік, паведамляе Kyiv Independent са спасылкай на дасведчаныя крыніцы. Галоўная прычына, паводле суразмоўцаў выдання, — адсутнасць прагрэсу ў мірных перамовах паміж Расіяй і Украінай: амерыканскі бок не бачыць сэнсу ў візіце, які можа толькі падкрэсліць тупіковую сітуацыю, а не зрушыць дыялог з мёртвай кропкі.

«Расіяне настойваюць, што хочуць атрымаць увесь Данбас. Наша пазіцыя: давайце знойдзем годнае рашэнне. Таму пакуль незразумела, чаму спецпасланцы Трампа павінны ехаць сюды, каб зноў пачуць тое самае», — патлумачыў украінскі чыноўнік на ўмовах ананімнасці.

Яшчэ адной прычынай адмены паездкі стала вайна ЗША з Іранам, праз якую Уіткоф і Кушнер апынуліся цалкам паглынутыя блізкаўсходнім урэгуляваннем. Акрамя таго, паводле даных суразмоўцаў выдання, Уіткофу «цяжка» перамяшчацца цягніком, а магчымасці даляцець да Кіева самалётам цяпер няма.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі публічна выказваў расчараванне тым, што прадстаўнікі Трампа неаднаразова бывалі ў Маскве, але ніколі не прыязджалі ў Кіеў. На гэты раз, паводле першапачатковай задумы, Уіткоф і Кушнер спачатку павінны былі сустрэцца з Зяленскім, а потым адправіцца ў расійскую сталіцу на перамовы з Уладзімірам Пуціным, піша Kyiv Independent.

Неназваны амерыканскі чыноўнік, у сваю чаргу, паведаміў выданню, што візіт усё яшчэ абмяркоўваецца, але пакуль «не пацверджаны». Пры гэтым сувязь паміж Кіевам і Вашынгтонам не перарвана, і службовыя асобы працягваюць каардынаваць дзеянні па іншых каналах, дадала ўкраінская крыніца. Яна таксама адзначыла, што Кіеў шукае «новыя фарматы» для ўзаемадзеяння з ЗША.

Апошнія навіны