BE RU EN

Сын аднаго з лідараў стачкама «Беларуськалія» знаходзіцца ў каме ў Чэхіі

  • 2.05.2026, 10:54

Пасля адмовы ў палітычным прытулку і пагрозы дэпартацыі.

23-гадовы беларус Якаў з сярэдзіны красавіка знаходзіцца ў каме ў адной з бальніц Чэхіі пасля спробы самагубства, паведамляе «Радыё Свабода». Яго бацька — Дзмітрый Кудзелевіч, адзін з былых лідараў стачкама «Беларуськалія», цяпер ён жыве ў Польшчы.

Спачатку ён не агучваў тое, што здарылася з сынам, але потым вырашыў зрабіць гэтую трагедыю публічнай. Паводле слоў бацькі, акрамя асабістых праблем (расставанне з дзяўчынай), на маладога чалавека паўплывалі адмова Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі ў прадастаўленні міжнароднай абароны і страх дэпартацыі ў Беларусь.

Якаў быў вымушаны пакінуць краіну ў 17 гадоў пасля пратэстаў 2020 года. Тры гады ён вучыўся ва ўніверсітэце ў Остраве па спецыяльнасці «біятэхналогіі», потым зразумеў, што гэтая спецыяльнасць не для яго, і кінуў вучобу. Пасля гэтага былі розныя працы і спробы працягнуць адукацыю ў Празе. Сутыкнуўшыся з праблемамі легалізацыі, Якаў падаў заяву на міжнародную абарону, бо і ён, і бацька ўдзельнічалі ў пратэстах у Беларусі і вымушана з’ехалі. Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі яму адмовіла.

Па словах Дзмітрыя, напачатку красавіка сын перастаў выходзіць на сувязь. Ён пачаў яго разысківаць праз знаёмых. Якава знайшлі без прытомнасці на падлозе ў яго пакоі ў прыёмным цэнтры для мігрантаў, якія хадайнічаюць аб міжнароднай абароне. Паводле лекараў, ён прыняў шэраг медыцынскіх прэпаратаў і прабыў без прытомнасці каля сутак. Маладога чалавека тэрмінова даставілі ў бальніцу. Цяпер ён па-ранейшаму ў каме і падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Бацька баіцца, што праз няпэўны прававы статус сына можа скончыцца ягоная страхоўка, і сям’і давядзецца аплачваць лячэнне самастойна.

«Радыё Свабода» звязалася з адвакатам, які аказвае сям’і юрыдычную дапамогу. Адвакат падае пазоў, каб аспрэчыць рашэнне Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі аб адмове ў прадастаўленні міжнароднай абароны. Адвакат, які папрасіў не называць ягонае імя, падзяліўся сваім бачанням сітуацыі:

«Вяртанне ў Беларусь было для Якава страшнейшым за смерць. Ціск з боку ўладаў Беларусі быў звязаны з жаданнем паўплываць на ягонага бацьку, які збег з Беларусі праз палітычны пераслед».

Што да магчымай дэпартацыі, то, паводле адваката, яна немагчымая, пакуль Якаў знаходзіцца ў каме.

Апошнія навіны