BE RU EN

У Польшчы адзначаюць Дзень сцяга

  • 2.05.2026, 13:45

Геральдычна колеры сцяга ўзыходзяць да агульнай гісторыі Каралеўства Польскага і ВКЛ.

У Польшчы сёння адзначаюць Дзень сцяга — дзяржаўнае свята, устаноўленае Сеймам у 2004 годзе з мэтай папулярызацыі ведаў пра польскую ідэнтычнасць і нацыянальныя сімвалы, паведамляе «Польскае радыё».

Выбар даты не быў выпадковым і мае гістарычнае абгрунтаванне: менавіта 2 мая 1945 года польскія салдаты 1-й дывізіі імя Касцюшкі вадрузілі бела-чырвоны сцяг на Калоне Перамогі ў Берліне. Захопліваючы сталіцу нацысцкай Германіі, яны паспрыялі завяршэнню баявых дзеянняў у Еўропе.

Яшчэ адной прычынай, чаму Дзень сцяга адзначаецца 2 мая, з'яўляецца тое, што ў камуністычнай Польшчы менавіта ў гэты дзень, пасля 1 мая — Свята працы, — грамадзяне былі абавязаныя здымаць нацыянальныя сцягі, каб яны не заставаліся вывешанымі падчас — не прызнаванага ўладамі — свята Канстытуцыі 3 мая.

Польскі сцяг, які складаецца з дзвюх роўных гарызантальных палос — белай і чырвонай, — афіцыйна быў прызнаны нацыянальным сімвалам у 1919 годзе, праз год пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы пасля гадоў падзелаў.

Самі колеры — белы і чырвоны — і раней лічыліся нацыянальнымі. Яны з'яўляюцца аднымі з нямногіх у свеце, што маюць геральдычнае паходжанне: паходзяць ад колераў герба Каралеўства Польскага і герба Вялікага Княства Літоўскага. Белы колер паходзіць ад белага арла — сімвала Польшчы, і белай Пагоні — вершніка на імклівым кані, які з'яўляецца сімвалам Літвы. Абодва гэтыя гербы выявленыя на чырвоным фоне шчытоў. На сцягу белы колер размешчаны зверху, бо ў польскай геральдыцы больш важным лічыцца колер герба, а не фону.

Паза межамі Польшчы афіцыйным сімвалам краіны з'яўляецца сцяг з польскім арлом на белай паласе. Ён выкарыстоўваецца выключна для мэтаў дыпламатычнага прадстаўніцтва Рэспублікі Польшча.

Апошнія навіны