BE RU EN

Лукашэнка застаўся без грошай

  • 2.05.2026, 15:36

Расійскія праблемы становяцца беларускімі.

Расійская эканоміка ўпершыню за апошнія гады паказала зніжэнне па выніках квартала. Расійскі Мінфін за тры месяцы перавыканаў план па бюджэтным дэфіцыце. Расійскія парты і НПЗ гараць, нівелюючы наступствы росту цэн на нафту. Расійскія праблемы становяцца беларускімі праблемамі з лагам у тры–чатыры месяцы. Таму, гледзячы на тое, што адбываецца з Расіяй, беларускія ўлады бачаць бліжэйшую будучыню беларускай эканомікі. І яна ім відавочна не даспадобы.

Пра тое, як Лукашэнка пераходзіць да Новай эканомнай палітыкі — у новым выпуску праграмы «Аптымум» на Ютуб-канале «Беларусы і рынак».

Трэба танней

У пятніцу, 24 красавіка, Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў вялікае турнэ па Гомельскай вобласці. За чатыры дні ён наведаў Мазырскі, Пятрыкаўскі і Нараўлянскі раёны. Здавалася б, звычайная паездка, звычайны набор атракцый. Паспяховая гаспадарка, не вельмі паспяховая гаспадарка, кароўнік, бальніца. Нічога асаблівага. Нібыта і гаварыць няма пра што. Але калі прыгледзецца ўважлівей, адно адрозненне кідаецца ў вочы. У гэтай паездцы з’явіўся характэрны рэфрэн: Грошай няма. Трэба эканоміць.

«Дорага. Трэба старацца танней. Трэба прыдумаць схему, каб зубамі грызлі цану», — сказаў Лукашэнка падчас наведвання малочнатаварнага комплексу «Будкі» ў Нараўлянскім раёне ў панядзелак, 27 красавіка.

Пры тым, што комплекс яму спадабаўся. Комплекс аказаўся выдатным, прычым пабудаваны гаспадаркай за ўласныя грошы. У Лукашэнкі грошай не прасілі. То бок мелі права будаваць, што хацелі. Але Лукашэнка сказаў, што калі ў каго-небудзь завяліся лішнія грошы, то гэтыя грошы можна было б выдаткаваць на нешта больш карыснае.

«Маглі б зэканоміць грошы для іншых праектаў», — пажаліўся Лукашэнка.

Для якіх канкрэтна праектаў маглі б зэканоміць, Лукашэнка не ўдакладніў. Бо, здаецца, эканоміць ён збіраецца літаральна на ўсім. Да апошняга часу праграма «Адзін раён — адзін праект» была прадметам асаблівай гонару для беларускіх уладаў. Чыноўнікі не ўпускалі шанцу пахваліцца.

Для раёнаў гэта таксама была магчымасць пабудаваць нешта патрэбнае за дзяржаўныя грошы. Праўда, патрэбнае не заўсёды. Часам будавалі проста каб будаваць.

«Усе думалі, будуць лёгкія грошы», — сказаў Лукашэнка падчас наведвання Мазырскага раёна 24 красавіка.

А якія былі грошы...

І думалі ж не дарэмна. Грошы ж сапраўды былі, можна сказаць, лёгкія. Вось агульны кошт гэтых інвестыцыйных заяў складае 9 мільярдаў рублёў. Па стане на канец мінулага года з 220 запланаваных праектаў было завершана 98 у 88 раёнах.

Але хто не паспеў — той спазніўся. Бо дзяржаўныя прыярытэты раптам змяніліся.

«Трэба падыходзіць разумна. Магчыма, у нейкім раёне нам не патрэбны гэты праект. Не ўсюды для гэтага ёсць вольныя працоўныя рэсурсы. А стварэнне адпаведнай інфраструктуры для іх прыцягнення патрэбуе яшчэ дадатковых укладанняў», — сказаў Лукашэнка.

То-бок Лукашэнка раптам празрэў. Бо яшчэ нядаўна такія дробязі, як працоўныя рэсурсы і «адпаведная інфраструктура», нікога не турбавалі. Я літаральна ў мінулай праграме распавядаў, як у нас масава будавалі аграгарадкі там, дзе не тое што інфраструктуры — дзе працы для людзей не было. Сотні дамоў стаяць пустыя, бо людзі туды проста не паехалі. І раптам мы чуем развагі пра тое, што, аказваецца, не ўсе дзяржаўныя праграмы аднолькава карысныя.

Хаця літаральна на пачатку лютага той самы Лукашэнка казаў, што нам трэба пабудаваць па ўсёй краіне прафілакторыі для цялят. Пяцьсот штук да кастрычніка на дзясяткі мільёнаў рублёў.

Але мінула два месяцы — і аказваецца, што спяшацца не трэба. Што палацы, якія Лукашэнка абяцаў цялятам, мы сабе дазволіць не можам.

«Не трэба будаваць з лішкамі. Навошта будаваць у два разы даражэй?», — сказаў Лукашэнка, калі аглядаў новы прафілакторый у «Агро-Ляскавічы».

Прафілакторый збудавалі па-багатаму. З металічных канструкцый за 810 тысяч рублёў. Лукашэнка замест металічных канструкцый параіў выкарыстоўваць лес, які гніе на ўскрайках лясоў.

«Зрабіце цялятнік, ён прастаіць на 20% менш па тэрміне, чым гэты, — пабудуем новы. Можа, разбагатэем».

НЭП 2.0

Але пакуль перспектыва разбагацець, падаецца, не праглядаецца. І калі даводзіцца эканоміць нават на цялятах, то эканоміць на беларусах сам Бог вялеў. Падчас наведвання таго ж Пятрыкаўскага раёна Лукашэнка таксама выказаў незадаволенасць, што лячэнне беларусаў яму занадта дорага абыходзіцца.

«Трэба разабрацца, каб мы не трацілі лішнія грошы. Я не за тое, каб пазачыняць ФАПы, участковыя бальніцы. Але трэба паглядзець там, дзе трэба», — сказаў ён.

Таму калі Лукашэнка на пачатку лютага загадаў адключыць беларусам святло, гэта была проста першая ластаўка НЭПу. Новай эканомнай палітыкі. Не блытаць з новай эканамічнай палітыкай. Бо абрэвіятура тая ж, але сэнс зусім іншы.

Апошнія навіны