ЗСУ прыціснулі расіян да мяжы ў Харкаўскай вобласці
- 21.05.2026, 13:37
Вызваленыя два населеныя пункты.
На Вялікабурлуцкім напрамку украінскія сілы прыціснулі расіян да мяжы — за месяц акупанты страцілі два населеныя пункты.
Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта ў эфіры тэлемарафона сказаў спікер Угрупавання аб’яднаных сіл Віктар Трэгубаў.
На Вялікабурлуцкім напрамку сітуацыя змянілася да лепшага. Прадстаўнік Угрупавання аб’яднаных сіл Віктар Трэгубаў паведаміў, што акупантаў фактычна адцеснілі да дзяржаўнай мяжы. Там расіяне страцілі два населеныя пункты.
«Вялікабурлуцкі напрамак вярнуўся да таго фармату, які быў прыкладна год таму», — сказаў Трэгубаў.
Якая сітуацыя паблізу Куп’янска
На Куп’янскім напрамку расіяне працягваюць ціснуць на ўсходнім беразе і спрабуюць прасачыцца на поўнач ад горада. Аднак гэтыя спробы выніку не даюць.
«Яны цяпер неэфектыўныя, не даходзяць да горада, але, на жаль, некалькі «недабітых» у самім горадзе яшчэ ёсць, як і некаторыя асобы, якія паспелі туды залезці, інфільтраваўшыся праз трубу прыкладна месяц таму», — удакладніў спікер.
Ліман: актыўны ціск і хлусня пра «поспехі»
На Ліманскім напрамку баявыя дзеянні працягваюцца. Асабліва актыўна — у раёне Баравой, на поўнач ад Лімана.
Трэгубаў дадаў, што расійскі бок перабольшвае ўласныя дасягненні на гэтым участку.
«Там расіяне наогул максімальна забрахаліся адносна ўласных поспехаў», — кажа Трэгубаў.
Сумшчына і Ваўчанск: тэмп страчаны
На Ваўчанскім напрамку і ў прыгранічнай зоне Сумскай вобласці расіяне таксама працягваюць ціск — але ўжо без ранейшага тэмпу.
«Яны ўжо не ідуць далей, а проста спрабуюць замацавацца ў той прыгранічнай зоне, у якой яны цяпер знаходзяцца», — падсумаваў Трэгубаў.