Казахстан дазволіў арыштаваць актывы «Газпрама» па іску Украіны
- 21.05.2026, 17:14
Па іску на 1,4 млрд долараў.
Суд у Казахстане дазволіў кампаніі «Нафтагаз Украіны» спагнаць актывы расійскага «Газпрама» па іску на 1,4 млрд долараў.
Як паведаміў старшыня праўлення «Нафтагазу» Сяргей Карэцкі, гэта стала першым публічным замежным судовым рашэннем, якое дазваляе прымусова выканаць арбітражны вердыкт у асобнай юрысдыкцыі. Паводле яго слоў, украінская кампанія мае намер працягнуць працу па спагнанні гэтай сумы і ў іншых краінах.
Спрэчка паміж «Нафтагазам» і «Газпрамам» узнікла з-за кантракта 2019 года на транзіт расійскага газу праз тэрыторыю Украіны. Пасля пачатку вайны ў 2022 годзе пракачка праз газаразмеркавальную станцыю «Сахраноўка» ў Луганскай вобласці была спыненая, аднак транзіт працягнуўся праз пункт «Суджа».
У «Нафтагазе» заявілі, што пасля гэтага «Газпрам» перастаў у поўным аб'ёме аплачваць паслугі паводле дзеючага пагаднення. У верасні 2022 года украінскі бок ініцыяваў арбітражнае разбіральніцтва ў Швейцарыі.
У чэрвені 2025 года арбітраж абавязаў «Газпрам» выплаціць 1,4 млрд долараў запазычанасці за транспартаванне газу, а таксама кампенсаваць судовыя выдаткі. Расійская кампанія спрабавала аспрэчыць гэта рашэнне, аднак у сакавіку 2026 года Федэральны суд Швейцарыі канчаткова пакінуў яго ў сіле.