Захарава пачала пагражаць Малдове
- 21.05.2026, 19:38
Прадстаўніца МЗС РФ прыдумала «агрэсію» супраць расіян у Прыднястроўі.
Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава прыгразіла Кішынёву адказам на любую «агрэсію» ў дачыненні да расійскіх грамадзян у Прыднястроўі. «Любая агрэсія ў дачыненні да нашых суграмадзян, якія пражываюць у Прыднястроўі, атрымае неадкладны і адэкватны адказ», — заявіла яна на брыфінгу, падкрэсліўшы, што Масква гатовая выкарыстаць «усе неабходныя сродкі» для забеспячэння бяспекі жыхароў рэгіёна.
Пагрозы прагучалі на фоне ўказа Уладзіміра Пуціна ад 15 мая, які дазволіў жыхарам Прыднястроўя атрымліваць расійскія пашпарты ў спрошчаным парадку. Дакумент быў матываваны «абаронай правоў і свабод чалавека». У адказ прэзідэнт Малдовы Маіа Санду заявіла, што Крэмль такім чынам спрабуе правесці схаваную мабілізацыю насельніцтва непрызнанай рэспублікі для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, а таксама аказвае ціск на Кішынёў у сувязі з яго планамі па рэінтэграцыі Прыднястроўя. Паводле слоў Санду, з пачатку поўнамаштабнай вайны большасць жыхароў рэгіёна аддалі перавагу малдоўскім пашпартам, лічачы іх больш бяспечнымі.
Тым часам расійскі парламент прыняў у канчатковым чытанні законапраект, які дазваляе Пуціну выкарыстоўваць армію для «абароны грамадзян РФ» за мяжой — у выпадку іх арышту, утрымання або пераследу судамі, якія Масква не прызнае. 20 мая Савет Федэрацыі зацвердзіў адпаведныя папраўкі ў законы «Аб грамадзянстве» і «Аб абароне».
Прыднястроўе — непрызнаная дзяржава з насельніцтвам каля 350 тысяч чалавек, дзе з 1992 года дыслакуюцца расійскія войскі. Рэгіён, які фармальна з'яўляецца часткай Малдовы, моцна залежыць ад Расіі ў эканамічным і палітычным плане і застаецца адным з «замарожаных» канфліктаў на постсавецкай прасторы.