Беларус распрануўся дагала, каб прайсці мытны дагляд
- 21.05.2026, 22:22
Мужчына забяспечыў правяральнікам незабыўны вечар.
Беларус у Ашмянскім раёне быў не ў настроі, таму вельмі бурна адрэагаваў на простую працэдуру, паведамляе набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал ОС Exclusive.
Інцыдэнт адбыўся ў пункце пропуску «Каменны Лог». 59-гадовага мужчыну запрасілі для праходжання асабістага дагляду.
Аднак самому беларусу такі падыход не вельмі спадабаўся, і ён успрыняў патрабаванне занадта літаральна. Таму падчас працэдуры цалкам распрануўся перад мытнікамі.
Супрацоўнік ведамства на відэа трохі збянтэжыўся, а мужчына некалькі секунд пакруціўся і надзеў штаны. Праўда, на гэтым гісторыя не скончылася.
Мытнікі такога рвення не ацанілі і выклікалі міліцыю. Вынік просты — мужчыну пагражае крымінальная справа за хуліганства. Як высветлілася, раней ён ужо меў праблемы з законам.