Па абодва бакі кратаў
- Ірына Халіп
- 22.05.2026, 10:56
Лукашэнка і сам ведае, чаго яму шчыра жадаюць беларусы.
На Калыме навіна: у магаданскай калоніі № 3 стварылі спецыяльны барак для палітвязняў. Барак на 120 чалавек. Палітычныя сядзяць разам з дэзерцірамі. Стаўленне вертухаў суровае, як водзіцца, але ўнутры барака, паводле расповедаў нядаўна вызваленых, — сяброўская атмасфера і ўзаемная падтрымка. Ёсць там нават мабілізаваны, які не вярнуўся з адпачынку на вайну і спецыяльна наняў адваката, які даказваў, што кліент — дэзерцір. То бок каб кліент гарантавана сеў у турму, а не паехаў на вайну. Астатнія — пераважна асуджаныя за антываенную пазіцыю: мітынгі, пасты ў сацсетках, данаты ЗСУ і гэтак далей.
У савецкія часы прыблізна так з палітычнымі і паступалі (я не маю на ўвазе сталінскі «вялікі тэрор») — іх трымалі асобна ад іншых зняволеных. У СССР было два лагеры для палітвязняў — Перм-35 і Перм-36. Паколькі жанчын-палітвязняў было менш, для іх не стваралі асобны лагер: іх трымалі ў ізаляваным бараку ў мардаўскай зоне. Паколькі самым распаўсюджаным быў артыкул «антысавецкая агітацыя і прапаганда», савецкая ўлада ўважліва сачыла, каб палітычныя не збівалі з правільнага шляху сацыяльна блізкіх і не займаліся агітацыяй у лагерах. Найбольш правільным здаваўся просты падыход: ізаляваць палітвязняў і пакінуць іх варыцца ва ўласным соку. А для іх гэта было якраз шчасцем: апынуцца сярод сваіх, сярод аднадумцаў, сярод знаёмых. І ў СІЗА пасля прысуду яны марылі як найхутчэй апынуцца на этапе і трапіць нарэшце ў лагер — да тых, хто разумее.
Нядаўна я размаўляла з савецкім дысідэнтам Іванам Кавалёвым, які правёў пяць гадоў у Пермі-35 (ягоная жонка Таццяна Асіпава — тыя ж пяць гадоў у мардаўскай зоне). Ён распавядаў, як падчас этапу «паханы» сказалі, убачыўшы два яго мяхі з прадуктамі і рэчамі: «Ад вялікага трохі — не рабаванне, а падзел». Іван Сяргеевіч адказаў: я, вядома, падзялюся, але ўсё не аддам, бо еду ў палітычны лагер і везу гэтыя рэчы сваім аднадумцам. Суседзі па «сталыпінскім» вагоне зразумелі, адбіраць не сталі, а па ўзаемнай згодзе падзялілі нешта.
А вось як апісвала жаночы барак для палітычных кіяўская паэтка і дысідэнтка Ірына Ратушынская у сваёй кнізе «Шэры — колер надзеі»: «Калючы дрот. Сцежка да драўлянага дамка. Выгляд у дамка больш чым неафіцыйны: такая сабе дачная развалюха. Затое па той бок калючага дроту — цалкам афіцыйная будка з аўтаматчыкам. Вакол дамка некалькі бяроз, і мясцамі ўжо прабілася трава. Вось і ўсё. Тут мне і быць яшчэ шэсць гадоў і пяць месяцаў — па гэты бок варот, на гэтым лапіку». Гэты барак называлі там «малой зонай». Ягоныя жыхаркі з іншымі зняволенымі не перасякаліся. Нават швейныя машынкі ім паставілі проста ў «малой зоне», каб не дапусціць антысавецкай агітацыі сярод зняволеных.
У нас жа ўсё інакш. Рэжым не спрабуе ўберагчы зняволеных ад антылукашэнкаўскай прапаганды, бо гэта бессэнсоўна. Калі ў СССР крымінал і «бытавікі» лічыліся сацыяльна блізкімі, то ў сучаснай Беларусі любы зняволены, незалежна ад артыкула абвінавачання, — вораг рэжыму, які люта яго ненавідзіць. Сацыяльна блізкіх у нашых шыротах не існуе: усе аднолькава далёкія ад рэжыму, усе аднолькава яго ненавідзяць, усе аднолькава вядуць асабісты рахунак, каб калісьці паквітацца.
Дык што ізаляваць палітвязняў бессэнсоўна, лукашысты гэта выдатна разумеюць. І яшчэ лепш разумеюць, што нічога не ў стане змяніць: хоць на пушыстыя пярыны пакладзі зняволеных — яны не перастануць ненавідзець. Таму ідуць простым і незамудраным шляхам: ізалююць палітвязняў ад тых, хто найбліжэй. Саджаюць сем’ямі, але ніколі маці з дачкой не апынуцца ў адным атрадзе, а бацька з сынам або браты — у адной калоніі. Сяброў, аднадумцаў, аднапартыйцаў, «суздзельнікаў» — усіх адпраўляюць як мага далей адзін ад аднаго, каб раптам не палегчыць ім жыццё адчуваннем блізкасці роднага чалавека. Нават выпускаюць з тым жа прыцэлам: Бабарыку вывезлі, а яго сына пакінулі ў калоніі; Залатаву з tut.by вывезлі, а яе калега Чэкіна па-ранейшаму шые форму ў гомельскай зоне.
Рэжым спадзяецца, што палітвязні калі-небудзь проста растворацца і стануць непрыкметнай часткай кантынгенту.
Але яны не становяцца. Хоць збірай іх у асобны барак, хоць раскідвай па ўсіх зонах і атрадах, каб не сустракаліся і не кантактавалі, — нічога не зменіцца. Палітвязні застануцца самімі сабой. Хочаш зрабіць іх непрыкметнымі — прыбяры чортавыя жоўтыя біркі, прыбяры любыя адметныя знакі, спыні ціск і катаванні. А лепш — вызвалі ўсіх адным махам, каб нават духу іх не было ў беларускіх калоніях. Табе ж лягчэй стане, ці не так? У вялікіх гарадах яны дакладна будуць менш прыкметныя, чым у страі са сваімі жоўтымі біркамі.
Хочацца, вядома, працягнуць: сыдзі ў адстаўку, не ганьбіся, напішы чыстасардэчнае… Дарэчы, ён і сам ведае, чаго яму шчыра жадаюць беларусы па абодва бакі кратаў.
Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org