The Atlantic: ЗСУ развеялі галоўны міф Крамля
- 25.05.2026, 12:00
Сітуацыя змяняецца.
Масіраваныя ўкраінскія ўдары па Маскве сталі сур'ёзным ударам не толькі па расійскай сістэме супрацьпаветранай абароны, але і па палітычнаму наратыву Крамля. На думку заходніх аналітыкаў, Уладзімір Пуцін больш не можа пераконваць расіян, што вайна — гэта «спецаперацыя» дзесьці далёка, піша The Atlantic (пераклад — сайт Charter97.org).
Нягледзячы на шматгадовыя спробы агарадзіць Маскву ад наступстваў вайны, сітуацыя змяняецца. Парад 9 траўня сёлета аказаўся заўважна сціплейшы за звычайны — расійскія ўлады баяліся атак украінскіх дронаў. А ўжо праз некалькі дзён Украіна нанесла маштабны ўдар па расійскай сталіцы з выкарыстаннем беспілотнікаў і крылатых ракет.
Украінскія атакі закранулі аб'екты інфраструктуры, нафтавыя магутнасці і прадпрыемствы, звязаныя з электронікай. На пэўны час нават прыпыняў працу галоўны аэрапорт Масквы.
Эксперты лічаць, што гэта паказвае на сур'ёзныя праблемы расійскай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Галоўнае ж — руйнуецца створаны Крэмлём вобраз вайны, якая нібыта амаль не ўплывае на жыццё буйных расійскіх гарадоў.
Сітуацыя нагадвае пераломныя моманты Другой сусветнай вайны, калі ўлады Японіі ўжо не маглі хаваць пагаршэнне становішча краіны пасля амерыканскіх удараў.
Пры гэтым аналітыкі падкрэсліваюць, што гаворка не пра хуткую паразу Расіі. Масква працягвае наносіць удары па ўкраінскіх гарадах і захоўвае значныя ваенныя рэсурсы. Аднак, на іх думку, Украіна ўсё часцей перахоплівае ініцыятыву і дэманструе здольнасць наносіць балючыя ўдары па Расіі.
Чым мацней гэта будуць разумець расіяне, тым складаней будзе становішча Крамля.