У Конга пасля серыі падпалаў медцэнтраў Эболы збеглі два дзясяткі пацыентаў
- 25.05.2026, 12:46
Інцыдэнт адбыўся ў горадзе Монгбвалу.
У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга мясцовыя жыхары атакавалі тры цэнтры для лячэння Эболы, пасля чаго з аднаго з іх збеглі 18 чалавек. Інцыдэнт адбыўся ў горадзе Монгбвалу. Паводле слоў дырэктара мясцовай бальніцы Рычарда Локудзі, падчас нападу ніхто не пацярпеў, аднак пакуль знайсці збеглых пацыентаў не ўдалося, паведамляе The Moscow Times.
Цэнтры выкарыстоўвала арганізацыя «Лекары без межаў» для лячэння людзей з пацверджанай або меркаванай Эболай. Першы выпадак адбыўся 21 мая ў горадзе Рвампара. Сваякі мясцовага футбаліста, які, меркавана, памёр ад Эболы, падпалілі медцэнтр пасля таго, як лекары адмовіліся перадаць ім цела для пахавання. Натоўп абвінавачваў замежных гуманітарных работнікаў у ілжы пра Эболу. Асобнай праблемай застаюцца масавыя пахавальныя абрады, якія спрыяюць распаўсюджанню Эболы. У шэрагу мясцовых супольнасцяў дотык да цела памерлага лічыцца знакам любові і павагі.
На фоне пагаршэння сітуацыі ўлады Конга прыпынілі ўнутраныя авіярэйсы з Буніі — аднаго з ачагоў успышкі каля мяжы з Угандай. Міністры аховы здароўя Конга, Уганды і Паўднёвага Судана папярэдзілі пра рост рызыкі трансгранічнага распаўсюджвання інфекцыі. Паводле звестак уладаў ДРК на нядзелю, колькасць меркаваных выпадкаў заражэння дасягнула 904, а колькасць меркаваных смяротных вынікаў — 119. Пры гэтым медыкам удалося адсачыць толькі каля пятай часткі з 1745 выяўленых кантактаў, што лекары называюць правалам эпіднагляду.
СААЗ ацэньвае рызыку ўспышкі для самой ДРК як «вельмі высокую», хоць рызыку глабальнага распаўсюджвання пакуль лічыць нізкай. 17 мая арганізацыя абвясціла надзвычайную сітуацыю ў галіне грамадскага здароўя, якая мае міжнароднае значэнне.
Сітуацыю ўскладняе тое, што ўспышку выклікаў рэдкі штам (Бундыбугіё, Bundibugyo), для якога няма зацверджанай вакцыны. Паводле даных СААЗ, сярэдняя летальнасць захворвання складае 50%. Кіраўнік Афрыканскага цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў (Africa CDC) Жан Касея прызнаў, што барацьба з вірусам вядзецца без паўнавартаснага эпідэміялагічнага рэагавання, элементарных сродкаў абароны і абсталявання. «Гэта быццам бы ты салдат і ідзеш у бой без боепрыпасаў. Нам даводзіцца спадзявацца на меры звычайнай аховы здароўя», — сказаў ён. Паводле яго слоў, у Буніі некаторых пацыентаў дагэтуль даводзіцца лячыць у звычайных бальнічных палатах, і ўсе спеццэнтры яшчэ не разгорнутыя.
За апошнія 50 гадоў у краінах Афрыкі ад Эболы памерлі каля 15 000 чалавек. Найбольш смертаносная ўспышка ў ДРК прыпала на 2018–2020 гады, калі загінулі амаль 2300 чалавек.