Узброеныя сілы Украіны ўразілі нафтабазу «Белец» у Бранскай вобласці
- 25.05.2026, 19:29
Пад удар трапіла не толькі Браншчына.
У ноч на 25 мая Сілы абароны Украіны нанеслі ўдары па шэрагу ваенных і лагістычных аб'ектаў РФ. Сярод мэт была нафтабаза «Белец» у Бранскай вобласці Расіі.
Пра гэта паведамляе Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны.
Паводле дадзеных Генштаба, у горадзе Унеча Бранскай вобласці РФ была ўражаная нафтабаза «Белец». Аб’ект выкарыстоўваўся для забеспячэння расійскай акупацыйнай арміі.
Маштабы пашкоджанняў пакуль удакладняюцца.
Акрамя таго, украінскія вайскоўцы ўдарылі па складзе захоўвання боепрыпасаў у раёне Міжгор’я на часова акупаванай тэрыторыі Крыму.
Таксама былі ўражаныя склад боепрыпасаў паблізу Новаянісолі і палявы артылерыйскі склад у раёне Крамянёўкі Данецкай вобласці.
Акрамя таго, Генштаб паведаміў пра паражэнне склада матэрыяльна-тэхнічных сродкаў праціўніка ў раёне Докучаеўска Данецкай вобласці.
Пад удары трапілі і аб’екты кіравання расійскіх войскаў. У прыватнасці, украінскія сілы ўразілі вузел сувязі акупантаў у Іванаўцы Данецкай вобласці і ўзвод кіравання артылерыйскага падраздзялення праціўніка ў раёне Траяцкага Запарожскай вобласці.
«Сілы абароны Украіны і ў далейшым будуць сістэмна прымаць меры для прымушэння РФ да спынення ўзброенай агрэсіі супраць Украіны», — падсумавалі ў Генштабе.