Акцыі расійскіх кампаній абрынуліся да мінімуму
- 26.05.2026, 8:14
На фоне новай заявы Масквы.
Фондаваны рынак Расіі пачаў тыдзень рэзкім падзеннем, апусціўшыся да ўзроўню лістапада мінулага года. Аналітыкі кажуць: на гэта паўплывала заява МЗС РФ пра анансаваныя ўдары па «цэнтрах прыняцця рашэнняў» ва Украіне і ў Кіеве.
Пра гэта паведамляе The Moscow Times.
Індэкс Маскоўскай біржы, у які ўваходзяць найбуйнейшыя кампаніі РФ, па выніках таргоў у панядзелак страціў 1,05% і апусціўся да 2598 пунктаў. Падчас сесіі паказчык падаў да найнізкага ўзроўню з лістапада мінулага года.
Як адзначаюць расійскія аналітыкі, новая хваля распродажаў пачалася пасля заяў МЗС РФ пра ўдары па «цэнтрах прыняцця рашэнняў» і камандных пунктах ва Украіне.
Як вядома, расійскае знешнепалітычнае ведамства таксама заклікала замежнікаў пакінуць Кіеў, заяўляючы, што «чара цярпення» Масквы нібыта «перапоўнена». На гэтым фоне акцыі найбуйнейшых расійскіх энергетычных кампаній працягнулі падзенне.
Напрыклад, акцыі «Раснафты» патаннелі на 2,6% і абнавілі мінімумы з лютага. Акцыі «Газпрама» страцілі 0,8% і гандлююцца на самых нізкіх узроўнях з лістапада 2025 года. Таксама амаль на 4% упалі каціроўкі «Наватэка».
Інвестыцыйныя стратэгі ў РФ заяўляюць пра нервовасць на рынку і адсутнасць стабільнага попыту нават пасля лакальных прасяданняў.
З пачатку года індэкс Маскоўскай біржы ўжо страціў 6,5%. У грашовым эквіваленце капіталізацыя расійскага рынку скарацілася амаль на 400 млрд рублёў.
Прыкметна, што падзенне адбываецца нягледзячы на рост сусветных цэн на нафту з-за канфлікту вакол Ірана. Кошт расійскай нафты Urals падымаўся да самых высокіх узроўняў з 2014 года, аднак гэта не дапамагло фондаваму рынку РФ перайсці да росту.
Аналітыкі звязваюць негатыўную дынаміку з пагаршэннем стану расійскай эканомікі і адсутнасцю якога-кольвек прагрэсу ў перамовах адносна вайны супраць Украіны.
Канкрэтныя эканамічныя паказчыкі
Паводле дадзеных Расстата, у першым квартале ВУП Расіі скараціўся на 0,2% — гэта першае падзенне з 2023 года. Стратнымі аказаліся 21 з 28 ключавых галін прамысловасці.
Акрамя таго, расійскі ўрад у маі ўтройчы пагоршыў прагноз эканамічнага росту на 2026 год — да 0,4%. Таксама ў Маскве чакаюць скарачэння інвестыцый другі год запар.
На думку расійскіх фінансавых экспертаў, сітуацыя на фондавым рынку адлюстроўвае назапашванне сістэмных праблем у эканоміцы РФ, якія ўжо перавешваюць выгады ад высокіх цэн на сыравіну.