«На чым вы будзеце з'язджаць, мы не ведаем»
- 31.05.2026, 20:30
Паліўны крызіс у Крыме адпужвае апошніх турыстаў.
Акупаваны расіянамі Крым, які раней лічыўся турыстычным рэгіёнам, ператварыўся ў зону ўдараў дронаў Узброеных Сіл Украіны. У рэгіёне ўзмацняецца паліўны крызіс, які ўжо ўплывае на турыстычны сезон, піша «Дыялог».
Паведамляецца, што пасля удараў па нафтавай інфраструктуры і лагістычных ланцугах у рэгіёне ўзнік дэфіцыт бензіна і дызельнага паліва. У сацыяльных сетках распаўсюджваюцца відэа з пустымі аўтазапраўкамі і чэргамі аўтамабіляў каля тых станцый, дзе яшчэ захоўваюцца запасы паліва.
Мясцовая акупацыйная адміністрацыя ўводзіць абмежаванні на продаж паліва — у прыватнасці, ліміты на адпуск у адны рукі. Гэта, як адзначаюць відавочцы, стварае дадатковыя складанасці для жыхароў і патэнцыйных турыстаў, якія плануюць паездкі на паўвостраў на асабістым транспарце.
У апублікаваных у сеціве відэароліках карыстальнікі выказваюць сумневы адносна таго, як будзе забяспечвацца палівам транспарт турыстаў ва ўмовах дэфіцыту. У адным з такіх відэа, знятым у Судаку, аўтар на фоне пустой запраўкі іранічна адзначае няпэўнасць з запраўкай аўтамабіляў для вяртання з адпачынку.
«На чым вы будзеце з'язджаць, мы не ведаем», — кажа аўтар відэа.