Між расійскім Генштабам, ФСБ і Расгвардыяй успыхнуў канфлікт
- 4.05.2026, 9:20
Давялося ўмяшацца Пуціну.
Замахі на высокапастаўленых расійскіх афіцэраў у тыле прывялі да канфлікту паміж прадстаўнікамі сілавых структур РФ. Пра гэта піша «Важныя гісторыі», спасылаючыся на даклад разведкі адной з краін ЕС, які выданне атрымала ад крыніцы.
Даклад перадалі шэрагу медыя: CNN, FT і расійскім «Важным гісторыям».
Згодна з дакументам, у снежні 2025 года на пасяджэнні па пытаннях бяспекі пасварыліся начальнік Генеральнага штаба Валеры Герасімаў, дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў і начальнік Расгвардыі Віктар Золатаў. Іх давялося супакойваць расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну.
Герасімаў, Бортнікаў і Золатаў перакладвалі адзін на аднаго адказнасць за недахопы сістэмы бяспекі. Герасімаў рэзка папракнуў спецслужбістаў за няздольнасць прадбачыць замахі. Начальнік Генштаба таксама паскардзіўся на недахоп чалавечых рэсурсаў для фізічнай аховы афіцэраў у тыле. Бортнікаў, са свайго боку, апраўдваўся, падкрэсліваючы немагчымасць сістэмнага папярэджання нападаў. Ён папракнуў міністра абароны РФ за адсутнасць у яго ведамстве спецпадраздзялення, якое займалася б фізічнай аховай вышэйшых кіраўнікоў — паводле прыкладу іншых сілавых структур.
Золатаў таксама нагадаў, што наяўныя ў яго распараджэнні рэсурсы не могуць выдзяляцца на ахову афіцэраў Мінабароны. Ён таксама адрасаваў Герасімаву рэкамендацыі па аператыўнай бяспецы для афіцэрскага складу Мінабароны, чым выклікаў гнеў начальніка Генштаба.
Пасля такой перапалкі Пуцін даручыў Федэральнай службе аховы ахову Герасімова і яшчэ дзесяці высокапастаўленых афіцэраў Мінабароны.
6 лютага ў Маскве невядомы спрабаваў застрэліць генерал-лейтэнанта Мінабароны РФ Уладзіміра Аляксеева. Ён выжыў, але знаходзіўся ў рэанімацыі ў цяжкім стане.
Следчы камітэт РФ абвінаваціў у замаху Службу бяспекі Украіны і заявіў пра затрыманне двух падазраваных, якія нібыта прызналі сваю віну.
Украіна абвергла датычнасць да замаху на расійскага генерал-лейтэнанта, заявіўшы, што не мае да гэтага ніякага дачынення.
Выданне The Washington Post пісала, што да замаху на генерала можа быць датычная Расія — у прыватнасці з-за ягонай ролі ў падаўленні бунту Яўгена Прыгожына.