Украіна ўначы прарвала адразу тры эшалёны СПА Масквы
- 4.05.2026, 14:11
Не ўратавалі нават С-400, «Панцыры» і «Торы».
Сёння ўначы ўкраінскі беспілотнік FP-1, паводле дадзеных спецыялізаванага канала DroneBomber, пераадолеў некалькі эшалёнаў СПА вакол Масквы і дасягнуў мэты ў жылым раёне недалёка ад цэнтра горада, піша «Дыялог».
Паведамляецца, што дрон абышоў больш за сотню пацверджаных пазіцый супрацьпаветранай абароны, уключаючы камплексы С-400, а таксама ўстаноўкі «Панцыр» і «Тор». Маршрут праходзіў праз зоны адказнасці некалькіх падраздзяленняў СПА, а таксама праз участкі з дадатковымі сродкамі абароны, размешчанымі на дахах будынкаў і ўздоўж дарог.
Масква лічыцца адным з найбольш абароненых гарадоў Расіі з высокай шчыльнасцю сістэм СПА. У сталіцы выкарыстоўваюцца шматузроўневыя абарончыя рубяжы: ад камплексаў далёкага дзеяння да блізкага перахопу.
Удар прыйшоўся па жылым доме № 8 на Масфільмаўскай вуліцы — каля 6,5 км ад Крамля. На апублікаваных кадрах бачныя пашкоджанні фасада і выбітыя вокны. Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў, што пацярпелых няма.
Інцыдэнт разглядаецца як сігнал пра тое, што беспілотнікі здольныя дасягаць мэтаў у цэнтральных раёнах сталіцы. Гэта можа паўплываць на меры бяспекі напярэдадні 9 мая, калі ў Маскве традыцыйна праходзяць масавыя мерапрыемствы.
Асноўны акцэнт у гэтай сітуацыі робіцца не столькі на маштабы разбурэнняў, колькі на сам факт дасягнення мэты ў раёне, які раней лічыўся добра абароненым.