Зяленскі: Украіна гатовая да адкрыцця ўсіх шасці перагаворчых кластараў з ЕС
- 4.05.2026, 16:51
На якія тэрміны разлічвае Кіеў?
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі абмеркаваў еўраінтэграцыю Украіны з прэзідэнтам Еўрапейскага савета Антоніу Коштай.
«Асобная ўвага — працы над адкрыццём перагаворчых кластараў па ўступленні Украіны ў Еўрапейскі саюз. Наша краіна тэхнічна цалкам гатовая і чакае адкрыцця ўсіх шасці кластараў цягам гэтага і наступнага месяцаў», — падкрэсліў кіраўнік украінскай дзяржавы ў Telegram.
Зяленскі таксама падзякаваў Кошту за падтрымку і асабістыя намаганні ў разблакаванні крэдыту ў памеры 90 мільярдаў еўра.
«Важна, каб сродкі пачалі паступаць як мага хутчэй і дапамаглі Украіне падрыхтавацца да зімы», — адзначыў украінскі прэзідэнт.
Акрамя таго, Зяленскі і Кошта абмеркавалі ўзмацненне антырасійскіх санкцый. Прэзідэнт падзякаваў за 20-ы пакет санкцый ЕС і падкрэсліў, што Украіна разлічвае на ўзмацненне санкцыйнага ціску супраць расійскага «ценявога флоту» ў наступным пакеце.